Вэрсіі здарэньня ў жыхароў розьняцца: хтосьці казаў, што хавалі салдата-тэрміновіка, якога знайшлі на чыгунцы з агнястрэльнымі ранамі, хтосьці — што вайсковец трапіў пад цягнік. «Зеркало» паспрабавала даведацца пра абставіны надзвычайнага здарэньня.
Паводле інфармацыі выданьня, загінулага звалі Валеры Калыхан, яму 21 год. Хлопец служыў сувязістам у Бабруйску. Як усё насамрэч здарылася, у сям’і ня ведаюць. Паводле сваяка Валерыя, цяпер ідзе расьсьледаваньне:
«Ведаю толькі, што ўсё здарылася ў непрацоўны час. Яны ў той дзень зь сябрамі адпачывалі, смажылі шашлыкі. Ён ня піў, бо быў за рулём. І неяк Валера апынуўся ў іншай частцы гораду і трапіў пад цягнік. Цяпер ідзе расьсьледаваньне».
Мужчына пайшоў служыць у полк сувязі па кантракце зусім нядаўна: у траўні, пасьля таго як скончылася яго тэрміновая служба. Да таго Валеры скончыў Палескі дзяржаўны аграрны коледж у Калінкавічах паводле спэцыяльнасьці «Тэхнічнае забесьпячэньне працэсу сельскагаспадарчай вытворчасьці».
«Не сказаць, каб ён марыў пра армію. Заставацца па кантракце вырашыў амаль праз год службы, — тлумачыць сваяк загінулага. — Застаўся ў той самай частцы, дзе і служыў. Яму там вельмі падабалася. Калі ён служыў, тэрміновай службы было няшмат, усе дружна жылі. Вельмі часта ён сустракаўся з таварышамі па службе».
Наш суразмоўца лічыць, што Валеры ня мог сам кінуцца пад цягнік. Кажа, у яго проста не было на гэта прычын:
«Ён хацеў жыць. Марыў купіць машыну, да таго расказваў, як набыў плязму. Маці і бацьку вельмі дапамагаў: у іх шматдзетная сям’я — чацьвёра дзяцей. Ён увогуле вельмі добры быў і пазытыўны. Незадоўга да здарэньня ён быў у адпачынку ў Хойніках, мы зь ім сустракаліся, гулялі — ніякіх праблем я не заўважыў. У яго былі пляны, зьбіраліся ў вёску паехаць адпачыць...»
Апэратыўны камэнтар наконт надзвычайнага здарэньня журналістам «Зеркала» атрымаць у Міністэрстве абароны не ўдалося.