Спачатку Мікіту прысудзілі 5 гадоў калёніі паводле абвінавачаньняў па артыкулах 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); 295-3 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, паражальнае дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў); 364 (гвалт ці пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).
А затым яшчэ паўтара года паводле таго ж 364 артыкула Крымінальнага кодэксу. У выніку частковага складаньня ранейшага тэрміну пакараньня з новым, паводле рашэньня судзьдзі, агульны тэрмін для Мікіты склаў 4 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў выхаваўчай калёніі, паведамляў ПЦ «Вясна».
Цяпер Мікіту перавялі ў турму строгага рэжыму ў Жодзіне — у гэтых умовах ён правядзе наступныя 3 гады зьняволеньня.
«Зь яго зьдзекуюцца зь першага дня затрыманьня»
Адзін зь Мікітавых сваякоў расказаў Свабодзе, што зь юнака зьдзекуюцца зь першага дня затрыманьня — 11 жніўня 2020 году. Мікіта адразу трапіў у рэанімацыю. Ён казаў, што міліцыянты моцна яго білі. Падлетак мае дыягназ «эпілепсія». На судзе ў 2021 годзе Мікіта ня раз заяўляў, што зь яго зьдзекуюцца супрацоўнікі СІЗА, не даюць неабходных лекаў. Паводле ягоных словаў, супрацоўнікі казалі яму: «Ты палітычны, здохнеш».
На Мікіту завялі яшчэ адну крымінальную справу. У ліпені 2021 году адбыўся чарговы суд. Да раней прысуджаных пяці гадоў за «беспарадкі» падлетку дадалі паўтара года за «гвалт над міліцыяй». Супрацоўнікі СІЗА, якія былі ў ролі сьведак і пацярпелых, сьцьвярджалі, што Мікіта на іх «напаў».
Пакараньне Мікіта адбываў у калёніі для непаўналетніх у Бабруйску. Яго спрабавала наведаць маці, спаткацца ёй не далі, бо Мікіту зьмясьцілі ў ізалятар за нейкія парушэньні. Якія менавіта, маці не сказалі.
Пасьля таго як Мікіту споўнілася 18 гадоў, яго перавялі ў калёнію ў Магілёве.
«Зь першых дзён у Магілёве Мікіту пачалі „прэсаваць“, ён трапіў у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу. — РС). Ён яшчэ ў гомельскім СІЗА заняў такую пазыцыю, што ён сядзіць незаконна, не ўчыняў злачынства. Мікіта казаў, што злачынцы тыя, хто яго там трымае», — расказаў сваяк.
«Трапіў на турэмны рэжым, тры гады ня ўбачыць сонца»
Мікітавы сваякі і бацькі ня ведаюць, за што яго пакаралі турэмным рэжымам. Наймаць адваката для сям’і вельмі дорага.
Пра тое, што Мікіту пераводзяць на турэмны рэжым, ягоныя бацькі даведаліся з сынавага ліста. Ён напісаў, што яго пераводзяць на турэмны рэжым у Магілёве. Потым выявілася, што Мікіта ў Жодзіне. Нават у гэтым яго падманулі. У лісьце ён напісаў: «Мама, тата, не хвалюйцеся, у мяне ўсё добра, мяне пераводзяць на турэмны рэжым».
«Ён дадаў, што ўсяго ня можа напісаць у лісьце. Відаць, на яго будуць ціснуць да апошняга, зьдзекавацца зь яго», — лічыць сваяк.
Ён кажа, што пры турэмным рэжыме значна абмежаваныя званкі дахаты, перадачы, ліставаньні. Прагулкі толькі паўгадзіны на дзень, і то ў закрытым дворыку.
«Значыць, тры гады ён ня будзе бачыць сонца, тры гады ня будзе дыхаць сьвежым паветрам», — кажа сваяк.
Тры гады — столькі заставалася Мікіту сядзець. Значыць, да канца тэрміну ён мусіць сядзець у камэры.