З 8 жніўня зьмяніўся расклад палётаў у маскоўскі аэрапорт «Унукава» зь Беларусі і назад.
Расклад рэйсаў:
- у панядзелак і суботу — вылет зь Менску а 7.00, прылёт у Маскву ў 8.25; зваротны вылет у 9.10, прылёт у 10.35;
- у аўторак і чацьвер — вылет у 19.25, прылёт у 20.50; зваротны вылет у 21.40, прылёт у 23.05;
- у сераду, пятніцу, нядзелю — вылет у 13.10, прылёт у 14:35; зваротны вылет у 15.25, прылёт у 16.50.
Акрамя «Ўнукава» «Белавія» лётае ў маскоўскія аэрапорты «Дамадзедава» і «Шарамецьцева».
У ліпені Расея ў якасьці выключэньня дазволіла «Белавія» палёты на самалёце Boeing 737 MAX праз сваю тэрыторыю. Самалёт гэтай мадэлі прыбыў у Беларусь у красавіку, ён у лізінгу амэрыканскай кампаніі Air Lease Corporation.
Супраць «Белавія» ўвялі сур’ёзныя санкцыі пасьля прымусовай пасадкі самалёта авіякампаніі Ryanair у траўні 2021 году. Напрыклад, санкцыі, уведзеныя ЗША, прывялі да таго, што кампаніям ува ўсім сьвеце цяпер забаронена абслугоўваць, рамантаваць парк самалётаў «Белавія» і выкарыстоўваць для абслугоўваньня амэрыканскія дэталі. Самалёты зь Беларусі ня могуць ляцець у краіны Эўропы і пэўныя іншыя.