Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінздароўя прыпыняе дзейнасьць мэдцэнтраў «Нардзін» і «Тры дантысты плюс»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

3 жніўня калегія Міністэрства аховы здароўя Беларусі вынесла рашэньне аб прыпыненьні дзеяньня ліцэнзій на мэдычную дзейнасьць менскіх мэдычных цэнтраў «Нардзін» і «Тры дантысты плюс» з 15 жніўня.

Як паведамляе Мінздароўя, прычынай прыпыненьня дзейснасьці «Нардзіну» паслужылі наступныя факты грубага парушэньня заканадаўства аб ахове здароўя, аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце, аб ліцэнзаваньні:

  • ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці ў месцы, не ўказаным у ліцэнзіі,
  • выяўленыя множныя парушэньні ў сфэры абарачэньня лекавых сродкаў, а менавіта неналежнага іх захоўваньня,
  • наяўнасьць лекавых сродкаў са скончаным тэрмінам прыдатнасьці,
  • парушэньні патрабаваньняў клінічных пратаколаў дыягностыкі і лекаваньня, у тым ліку па службе анэстэзіялёгіі і рэаніматалёгіі, акушэрстве і гінэкалёгіі, кардыялёгіі, нэўралёгіі, гастраэнтэралёгіі, рэўматалёгіі і інш.; парушэньні пры наданьні псыхіятрычнай дапамогі;
  • парушэньні пры прызначэньні псыхатропных лекавых сродкаў;
  • парушэньні ў парадку абарачэньня наркатычных сродкаў ва ўстанове;
  • парушэньні ў правядзеньні мэдычных аглядаў, арганізацыі і правядзеньні экспэртызы часовай непрацаздольнасьці;
  • парушэньні парадку арганізацыі наданьня неадкладнай дапамогі;
  • парушэньні санітарна-эпідэміялягічных патрабаваньняў, санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў.

Што тычыцца стаматалягічнага мэдцэнтру «Тры дантысты плюс», пасьля «звароту ад грамадзяніна па пытаньнях якасьці і арганізацыі мэддапамогі» камісія Мінздароўя выявіла ў цэнтры наступныя грубыя парушэньні заканадаўства аб ахове здароўя і ліцэнзаваньні:

  • Выкарыстаньне мэдычнай тэхнікі, не зарэгістраванай і не дазволенай для мэдычнага прымяненьня ў Рэспубліцы Беларусь;
  • адсутнасьць мэдычнай дакумэнтацыі, наяўнасьць і вядзеньне якой патрабуюцца для выкананьня работ і наданьня паслуг, якія складаюць ліцэнзуемую дзейнасьць;
  • непрадстаўленьне ў Мінздароўя ў тэрмін дакумэнтаў аб прызначэньні на пасады новых работнікаў замест заяўленых пры атрыманьні ліцэнзіі і дадаткова да заяўленых у ліцэнзіі;
  • недахопы ў якасьці наданьня мэдыцынскай дапамогі пацыенту; шматлікія недахопы пры афармленьні мэдычных дакумэнтаў, факты ўнясеньня ў мэдычныя дакумэнты недакладных зьвестак.

У Мінздароўя адзначаюць, што гэтыя парушэньні «па сукупнасьці могуць пацягнуць за сабой прычыненьне шкоды дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам, жыцьцю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзян або стварыць пагрозу прычыненьня такой шкоды».

У траўні супрацоўнікі ДФР прыйшлі ў мэдычны цэнтар «Нардзін», канфіскавалі дакумэнтацыю кампаніі, а яе заснавальніка і дырэктара, вядомага псыхатэрапэўта і нарколяга Дзьмітрыя Сайкова, і ягоную жонку затрымалі, аднак вечарам адпусьцілі. Пазьней у ДФР заявілі, што мэдцэнтар «Нардзін» 10 гадоў праводзіў артапэдычныя апэрацыі безь ліцэнзіі ў аддзяленьні на менскай вуліцы Бехцерава.

Раней улады прыпынілі дзейнасьць мэдцэнтраў «Лодэ» і «Клініка А1». Пазьней ліцэнзію «Лодэ» аднавілі. «Клініка А1», якую правяралі разам з «Лодэ», паведаміла пра закрыцьцё.

У ліпені стала вядома, што ў «Лодэ» накіравалі сьпісы неляяльных супрацоўнікаў. Мэдыкаў прымушаюць звальняцца, прапануюць запісваць «пакаяльныя» відэа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG