Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдалістка Эўрагульняў, якая выступіла супраць рэжыму, зьехала ў Польшчу і там выйграла ўжо тры залатыя мэдалі


Карына Казлоўская — першая зьлева, архіўнае фота
Карына Казлоўская — першая зьлева, архіўнае фота

Беларуская лучніца Карына Казлоўская, якая сёлета зьехала ў Польшчу, у траўні выйграла асабісты турнір на другім этапе Кубку Польшчы-2022.

19 чэрвеня яна выйграла і на трэцім этапе. А ў ліпені на моладзевым чэмпіянаце Польшчы выйграла адразу тры залатыя мэдалі: у асабістым спаборніцтве, у жаночай камандзе і міксьце. Акрамя таго, спартоўка пабіла свой асабісты рэкорд і два моладзевых рэкорды Польшчы.

Пра гэта паведамляе Трыбуна.

«У мяне з 2019 году не атрымлівалася абнавіць свой рэкорд у Беларусі — дзесьці праз стрэс, дзесьці празь ціск. У нас былі рознагалосьсі з трэнэрам і галоўным трэнэрам. У Польшчы я адчула сябе значна вальней і лягчэй. У мяне павялічылася нагрузка, але трэніроўкі ідуць у асалоду. Я ізноў адчула, што гэта маё пакліканьне», — падзялілася спартоўка.

31 траўня яна паведаміла, што зьехала з Беларусі і была звольнена з нацыянальнай зборнай (уласна, першае прывяло да другога). «Я заваявала мноства мэдалёў, была ў трыццатцы найлепшых у сусьветным рэйтынгу, стала рэкардсмэнкай краіны, фіналісткай на Алімпійскіх гульнях ў Токіё. Але для Беларусі гэта ня значыць абсалютна нічога. Дзеля спорту я маўчала, трывала прыніжэньні, пагрозы, запалохваньні. Усё дайшло да кропкі незвароту», — напісала тады Казлоўская.

За свае 22 гады яна дасягнула немалых посьпехаў — у 2019-м узяла ў камандных спаборніцтвах срэбра на Эўрапейскіх гульнях у Менску, а таксама ня раз выйгравала асабістыя нацыянальныя спаборніцтвы — напрыклад, Кубак Беларусі-2020, які праходзіў у першы ж тыдзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

У 2020 годзе Казлоўская падпісала ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту, а таксама зрабіла ўнёсак у адзін з фондаў на дапамогу пацярпелым.

Канчаткова вырашыла зьехаць Казлоўская пасьля таго, як «краіна дасягнула чарговага дна» — так спартоўка ахарактарызавала пачатак вайны ва Ўкраіне. Неўзабаве ў нацыянальнай каманды быў збор, на якім трэнэры забаранілі спартоўцам абмяркоўваць што заўгодна, акрамя спорту.

Спартоўка пасялілася ў невялікім горадзе Жывец на захадзе Польшчы — Казлоўская цяпер выступае за мясцовы клюб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG