Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лучніца Казлоўская з палітычных меркаваньняў звольнілася са зборнай і пакінула Беларусь


Каманда беларускіх лучніц, Карына Казлоўская — крайняя зьлева.
Каманда беларускіх лучніц, Карына Казлоўская — крайняя зьлева.

Неаднаразовая чэмпіёнка краіны па стральбе з лука Карына Казлоўская, якая заняла разам з камандай 4 месца на Алімпіядзе ў Токіё, паведаміла ў сваім Instagram, што сышла са зборнай і выехала з краіны.

«Мая спартовая карʼера пачалася ў 2013 годзе. Я ня цешыла сябе амбіцыямі, што спорт стане маім жыцьцём. Ня думала, што стану часткай нацыянальнай зборнай і што змагу паехаць на Алімпійскія гульні, выйграваць мэдалі на міжнародных спаборніцтвах. Для мяне тады гэта было нечым далёкім, нечым нерэальным. Спартовы вынік дасягаўся паступова, месяц за месяцам, год за годам.

У 16 я стала майстрам спорту і пачала разумець, што стральба з лука для мяне нешта большае, чым проста хобі ці сэкцыя. Пасьля, у 18 гадоў, я ўвайшла ў нацыянальную зборную. Тады я зразумела, што мая мэта — гэта спорт і ўсім сэрцам я буду імкнуцца да сваіх найлепшых вынікаў. Я заваявала мноства мэдалёў, была ў трыццатцы найлепшых у сусьветным рэйтынгу, была рэкардсмэнкай краіны 5 разоў, стала фіналісткай на Алімпійскіх гульнях у Токіё. Але для Беларусі гэта ня значыць абсалютна нічога.

Мне 21. І на сёньняшні дзень беларуская спартовая карʼера для мяне скончаная. Пачынаючы з 2020 году я ў няспынным стрэсе. З прычыны Алімпійскіх гульняў, пандэміі, выбараў і пасьля палітычных рэпрэсій, якія працягваюцца ў краіне да гэтага часу, і вайны ва Ўкраіне. Дзеля спорту я маўчала, цярпела прыніжэньне, пагрозы, запалохваньні. Пазбаўлялася ўсё большай колькасьці правоў, абрастала правіламі і кантролем, страчваючы ўвесь давер да людзей вакол мяне, а яны — да мяне. Усё дайшло да пункту невяртаньня, і я прыняла рашэньне зьехаць з краіны.

Таму пішу аб тым, што сёньня я афіцыйна звольненая з нацыянальнай каманды Беларусі. Можна назваць гэта пачаткам новага этапу ў маім спартовым жыцьці і добрай навіной. Я вольная і ў бясьпецы.

Апошнія радкі маім сябрам зь Беларусі: прашу прабачэньня, што не змагла з вамі разьвітацца належным чынам. Спадзяюся, што некалі змагу пабачыцца з кожным, і не адзін раз. Я вас вельмі люблю», — напісала Казлоўская ў сваім Instagram.

У 2020 годзе Карына Казлоўская разам зь дзясяткамі іншых спартоўцаў падпісала ліст за сумленныя выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG