Палітзьняволенага Андрэя Уткіна затрымалі 31 сакавіка і да суду зьмясьцілі ў СІЗА № 3 Гомля.
1 жніўня Андрэя Уткіна пакаралі 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму, паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна».
На праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася, што ён сфатаграфаваў калёну расейскай вайсковай тэхнікі, а менавіта вайсковыя «КамАЗы» зь літарай V, і адправіў фота ў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».
У першы дзень судовага пасяджэньня, 26 ліпеня, судзьдзя Царук запытаў Уткіна, чаму той адправіў фатаздымак менавіта ў «Беларускі Гаюн», а не ў «СБ. Беларусь сегодня» ці АНТ, паведамляюць праваабаронцы.
«Калі ехаў па горадзе, зьдзівіўся, убачыўшы „Камаз“ зь літарай V побач з плошчай Леніна. Таму вырашыў зрабіць фота і адправіць яго ў тэлеграм-канал. Прыкладна праз два тыдні я быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК у сябе дома. Я быў моцна шакаваны, ня ведаў, што за фатаграфію прадугледжаная крымінальная адказнасьць», — тлумачыў ён у «пакаяльным» відэа.
Пракурор папрасіў суд прызнаць Андрэя Уткіна вінаватым і пакараць пазбаўленьнем волі тэрмінам на два гады ў калёніі агульнага рэжыму.
Сёньня суд пастанавіў прызнаць Уткіна вінаватым і прысудзіў яму пазбаўленьне волі ў калёніі агульнага рэжыму на два гады, як прасіла абвінавачаньне.