Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль 600 беларусаў за 6 месяцаў сёлета асудзілі на грамадзкія работы. У 2021-ым — толькі 20


Ілюстрацыйнае фота. Адпраўка на абавязковыя грамадзкія працы каля цэнтру занятасьці ў Гомлі, 2015 год
Ілюстрацыйнае фота. Адпраўка на абавязковыя грамадзкія працы каля цэнтру занятасьці ў Гомлі, 2015 год

Сёлета за першае паўгодзьдзе грамадзкія працы былі прызначаныя ў якасьці адміністрацыйнага пакараньня ў дачыненьні да амаль 600 чалавек, паведаміў у інтэрвію парталу рravo.by судзьдзя Вярхоўнага суда Эдгар Марцірасян.

«У 2021 годзе гэта спагнаньне было ўжыта толькі ў дачыненьні 20 чалавек. Гэта было зьвязана з тым, што мясцовым органам улады спатрэбіўся нейкі час, каб паўнавартасна арганізаваць сваю працу ў гэтым кірунку. У выніку за першую палову 2022 году грамадзкія працы былі ўжытыя судамі ў дачыненьні да амаль 600 чалавек, а факты ўхіленьня ад яго выкананьня носяць на сёньня адзінкавы характар», — заявіў судзьдзя.

Часьцей за гэты тып пакараньня прызначалі за такія грубыя правапарушэньні, як дробны крадзеж, хатні гвалт і зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап'яненьня.

Грамадзкія работы як від пакараньня ў Беларусі ўвялі больш за год таму. Іх асаблівасьць у тым, што суд можа ўжываць такія від пакараньня толькі са згоды самога правапарушальніка. Калі чалавек ухіляецца ад выкананьня грамадзкіх работ, закон прадугледжвае для яго штраф у значнай суме або адміністрацыйны арышт, патлумачыў Эдгар Марцірасян.

Паводле яго, агулам у 2021 годзе, у параўнаньні з 2020-ым, агульная колькасьць выпадкаў адміністрацыйных правапарушэньняў зьнізілася больш чым на 21 %.

Тым часам, паводле праваабаронцаў, з пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году, у Беларусі ўзрасла колькасьць «палітычных» затрыманьняў, адміністрацыйных і крымінальных спраў. За гэты час, паводле «Вясны», завялі больш за 5500 крымінальных спраў, зьвязаных з пратэстамі супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Па стане на канец ліпеня 2022 году вядома больш за 1 980 вынікаў такіх судоў, 1257 чалавек прызнаныя палітычнымі зьняволенымі. Таксама за гэты час былі заведзеныя тысячы адміністрацыйных палітычна матываваных спраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG