«Першы карабель загружаецца з пачатку вайны. Гэта турэцкае судна. Гэта сьведчыць пра тое, што порт пачаў працаваць», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў часе наведваньня марскога гандлёвага порту «Чарнаморск» у Адэскай вобласьці.
Прэзыдэнт Украіны дадаў, што экспарт пачнецца з адпраўкі некалькіх караблёў, якія былі загружаныя раней, але не змаглі пачаць рэйс, бо пачалася вайна.
Цяпер, паводле Зяленскага, Украіна чакае ад партнэраў — ААН і Турэччыны — адпаведных сыгналаў для пачатку транспартаваньня збожжа. Гэта можа адбыцца ў найбліжэйшыя дні.
Што папярэднічала
Расея з пачатку свайго ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну з 24 лютага заблякавала Чорнае мора для праходу гандлёвых суднаў.
Акваторыю мора замінавалі як расейскі, так і ўкраінскі бок — з мэтай не дапусьціць высадкі расейскіх дывэрсійных груп на ўзьбярэжжа Адэсы.
Адначасова расейскія войскі зьнішчылі некалькі вялікіх тэрміналаў, у якіх захоўвалася збожжа мінулага ўраджаю, а пасьля акупацыі часткі ўкраінскага поўдня збожжа выкрадалі і перавозілі ў Крым для наступнага продажу на замежных рынках.
Пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў вострава Зьмяінага ў Чорным моры зьявілася магчымасьць пастаўляць украінскае збожжа на сусьветны рынак па Дунаі, але не ў такіх вялікіх аб’ёмах, якіх патрабуе сусьветны рынак.
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш ня раз заяўляў, што ўжо ў 2022 годзе ў шэрагу краін можа наступіць голад, а ў 2023-м будзе яшчэ горш. Вайну ва Ўкраіне ён назваў адной з галоўных, але не адзінай прычынай гэтага.
ААН разам з Турэччынай сталі пасярэднікамі ў перамовах Расеі і Ўкраіны аб разблякаваньні марскога шляху паставак.
У выніку 22 ліпеня ў Стамбуле было падпісана пагадненьне аб вывазе з Украіны збожжа і іншых харчовых тавараў праз украінскія чарнаморскія парты — ва ўмовах расейскага ўварваньня. Прадстаўнікі Ўкраіны і Расеі падпісалі два асобныя пагадненьні з прадстаўнікамі ААН і Турэччыны, якія павінны стаць гарантамі дамоўленасьцей.
Паводле падпісаных дакумэнтаў, у Чорным моры павінны разблякаваць тры ўкраінскія парты: Адэса, Чарнаморск і Южны.