На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу, доктар палітычных навук Павал Вусаў і палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі.
Сьцісла
Вусаў:
- Чым далей ад рэвалюцыі 2020 году, тым вастрэйшыя канфлікты паміж дэмакратычнымі сіламі.
- Пачалі ўзьнікаць новыя палітычныя цэнтры, якія спрабуюць утрымацца на плыву ў новай міжнароднай каньюнктуры.
- Сёньня ніхто ня мае эфэктыўнай стратэгіі, якая прывяла б да пераменаў у Беларусі.
- Магчыма, увосень будзе праведзены кангрэс з адпаведным прадстаўніцтвам і дэлегаваньнем.
Класкоўскі:
- Раней казалі: «Саша, дзе грошы?», дык цяпер: «Сьвета, дзе грошы?».
- Ёсьць прэтэнзія да Ціханоўскай, што яна нерашучая.
- Ёсьць полк Каліноўскага, ёсьць полк «Пагоня», але цяжка ўявіць сабе, што заўтра яны пойдуць празь мяжу вызваленчым паходам.
- Ціханоўская мае большую вагу, большую легітымнасьць, чым усе астатнія. Яе каманду можна зразумець — чаму яны ўсім гэтым мусяць дзяліцца?
- У якім 1906–1907 годзе, пасьля паразы рэвалюцыі ў Расеі, не было гаворкі пра тое, што мы зараз выпрацуем стратэгію і зрынем царскі рэжым.
— У чым прычына цяперашняга абвастрэньня адносін паміж дэмакратычнымі сіламі?
Павал Вусаў (П.В.): Чым далей ад рэвалюцыі 2020 году, тым вастрэйшыя канфлікты паміж дэмакратычнымі сіламі. Напачатку «новая апазыцыя» спадзявалася, што Лукашэнка хутка сыдзе, і таму трэба быць тэхнічна абʼяднанымі, каб разам уступіць у новую эру.
Ціханоўская пры гэтым разглядалася як тэхнічны кандыдат на пэрыяд транзыту, легітымны для Захаду. Гэтае чаканьне хуткай перамогі матывавала і абʼядноўвала.
Калі пэрспэктывы перамогі аддаліліся, кожны пачаў шукаць уласныя праекты.
Важным фактарам стала вайна ва Ўкраіне, якая адкінула праблемы Беларусі на другі плян. Стала відавочна, што Офіс Ціханоўскай — структура, якая існуе выключна для сябе. Старыя саюзьнікі аказаліся ёй ужо непатрэбныя.
Пачалі ўзьнікаць новыя палітычныя цэнтры, якія спрабуюць утрымацца на плыву ў новай міжнароднай каньюнктуры. Каб здабыць падтрымку, ім патрэбны гучныя дэклярацыі, дэманстрацыі таго, што яны зробяць лепей.
Хоць сёньня ніхто ня мае эфэктыўнай стратэгіі, якая прывяла б да пераменаў у Беларусі.
— Дзіўна, што сярод апазыцыі не ідзе спрэчак наконт стратэгіі. Вайна падзяліла беларусаў у стаўленьні да Расеі. Але ў апазыцыі сфармаваўся кансэнсус наконт праэўрапейскага выбару. Пра гэта не спрачаюцца. Дык пра што ж спрачаюцца?
Аляксандар Класкоўскі (А.К.): У Офісе Ціханоўскай мы бачым шмат прадстаўнікоў «старой» апазыцыі, чальцоў АГП. І ў «старой» апазыцыі было шмат сварак: памятаем кангрэсы розныя, кааліцыі, якія ствараліся і распадаліся. І тады велізарную ролю адыгрывалі асабістыя амбіцыі: а чаму кароль — Мілінкевіч, а ня я?
Другі момант — гэта барацьба за рэсурсы. Яны ў апазыцыі былі заўсёды абмежаваныя.
Цяпер гэтыя праблемы абвастрыліся. Гэтыя матывы наўпрост не фармулююцца, хоць часам і прарываюцца, калі Латушка кажа, што Ціханоўская едзе на нейкую міжнародную сустрэчу, а яго з сабой не бярэ.
Раней казалі: «Саша, дзе грошы?», дык цяпер: «Сьвета, дзе грошы?».
Ня варта скідаць з рахункаў і працу спэцслужбаў. Я ня з тых дзеячоў, якія лічаць агентамі спэцслужбаў усіх, хто зь імі нязгодны. Але тое, што спэцслужбы працуюць на развал апазыцыі, — гэта дакладна. Прычым за некаторымі ўдзельнікамі цяперашніх звадаў відаць і расейскія «вушы».
Але ёсьць і канцэптуальная крыза. Ёсьць прэтэнзія да Ціханоўскай, што яна нерашучая. Вадзім Пракопʼеў на форуме ў Бэрліне сказаў, што адзіны шлях — гэта шлях збройнай барацьбы. Мацнеюць галасы прыхільнікаў радыкальнай рыторыкі.
Незалежная сацыялёгія паказвае, што абодва полюсы грамадзтва радыкалізаваліся — і зацятых лукашыстаў, і зацятых праціўнікаў рэжыму.
Ёсьць полк Каліноўскага, ёсьць полк «Пагоня», але цяжка ўявіць сабе, што заўтра яны пойдуць празь мяжу вызваленчым паходам. Гэта не рэалістычна.
Я мяркую, што на «Канфэрэнцыі новай Беларусі» будзе абазначаны дрэйф у бок больш рашучай пазыцыі.
Мяркую, што ў Ціханоўскай ніякага «Чэрчыля» ня зьявіцца, кіраўніка вайсковага кабінэту. Заходнія краіны ня пойдуць на гэта.
— Ці можа на «Канфэрэнцыі новай Беларусі» сфармавацца новая структура кіраваньня дэмакратычных сілаў? Офіс Ціханоўскай — гэта фактычна ейны апарат, ейная канцылярыя, якая складаецца зь ейных падначаленых. У найноўшай гісторыі Беларусі былі прыклады палітычных кааліцый — «Пяцёрка+», Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў (КРДС). У савецкай сыстэме быў апарат ЦК КПСС і было Палітбюро. І чальцы Палітбюро не былі проста падначаленымі генэральнага сакратара. Ці можа на віленскай канфэрэнцыі ўзьнікнуць новая КРДС, ці, калі заўгодна, «палітбюро»?
А.К.: Гэтая канфэрэнцыя мала што будзе вырашаць. Напачатку хацелі склікаць кангрэс, потым статус памянялі, зьнізіўшы яго. Латушка крытыкаваў адвольны прынцып фармаваньня складу меркаванага кангрэсу.
Калі б гэта быў прадстаўнічы сход усёй апазыцыі, тады ён бы мог выбраць нейкае «палітбюро». Калі гэта будзе зроблена на гэтай канфэрэнцыі, усё роўна будуць прэтэнзіі: чаму вы склікалі «міжсабойчык» і сфармавалі «палітбюро»? А я яму падначальвацца ня буду.
Усе разумеюць, што гэтую канфэрэнцыю склікае Ціханоўская. І яе апанэнты ў апазыцыі разумеюць, што ўзяць у гэтым удзел — гэта гуляць на чужым полі.
Ціханоўская мае большую вагу, большую легітымнасьць, чым усе астатнія. Яе каманду можна зразумець — чаму мы ўсім гэтым мусім дзяліцца? Але гэтая легітымнасьць пакрысе расьцярушваецца, хуткай перамогі не атрымалася, апазыцыя ўперлася ў сьцяну.
П.В.: Аляксандар слушна заўважыў, што пачалася эрозія легітымнасьці Ціханоўскай.
Тое, пра што вы, Юры, гаворыце, — гэта структура сеткавай дзяржавы. На працягу двух гадоў гэты канцэпт адкідаўся. Аднак цяпер стала ясна, што бязь зьменаў апазыцыя прыйдзе да таго ж, да чаго прыйшла «старая апазыцыя» — да ўнутранай маргіналізацыі і палітычнай імпатэнцыі.
На кангрэсе павінны былі быць пастаўленыя пытаньні стварэньня нацыянальна-вызвольнага руху і нейкіх прататыпаў дзяржавы. Але з прычыны таго, што гэта было зроблена не праз дэмакратычны працэс, такі падыход выклікаў вострую крытыку.
Таму Офіс Ціханоўскай быў вымушаны перафарматаваць кангрэс у канфэрэнцыю. Магчыма, увосень будзе праведзены кангрэс з адпаведным прадстаўніцтвам і дэлегаваньнем.
— У Беларусі цяпер палітыка падпольная. Сьпісавай колькасьці эміграцыйных арганізацый ніхто ня ведае. Таму пытаньне прадстаўніцтва выглядае вельмі цьмяна. І пры жаданьні гэтым прадстаўніцтвам можна таксама маніпуляваць.
П.В.: Я згодны, што пытаньні, якія вынесеныя на абмеркаваньне канфэрэнцыі, цяжка вырашыць ва ўмовах татальнага тэрору ў Беларусі і дэфіцыту арганізацыйных здольнасьцяў у дыяспары. Але калі мы ня можам гэта зрабіць, то ўзьнікае пытаньне: што мы наагул можам зрабіць?
А.К.: «Старая апазыцыя» вышэй за пояс не магла скочыць. Да пэўнага часу Лукашэнка меў велізарную электаральную падтрымку. У 2006 годзе Аляксандар Мілінкевіч ня мог перамагчы, ён і сам у гэтым шчыра прызнаецца. Гэта пацьвярджала і незалежная сацыялёгія, НІСЭПД, які тады існаваў.
Цяпер рэжым «сарваўся з катушак», адкінуў усе ўмоўнасьці. Вось ужо прыйшлі па кіраўнікоў АГП. Відаць, дайшлі ўжо рукі і да партыяў — пасьля прафсаюзаў. Як казаў Гамлет, у гэтым варʼяцтве ёсьць свая рацыя.
Ніякіх умоваў для легальнай палітычнай дзейнасьці ўнутры краіны няма. Цяпер у Беларусі фаза контрарэвалюцыі. Можна правесьці аналёгію з расейскай рэвалюцыяй 1905 году. У якім 1906–1907 не было гаворкі пра тое, што «мы зараз выпрацуем стратэгію і зрынем царскі рэжым». Гэта была эпоха сумнавядомых «сталыпінскіх гальштукаў» (шыбеніц для рэвалюцыянэраў. — РС), поўны разгром апазыцыі і грамадзкая апатыя.
Тое самае, што, з пэўнай доляй умоўнасьці, адбываецца сёньня і ў Беларусі.
Але, вяртаючыся ў пачатак ХХ стагодзьдзя, — потым прыйшоў 1917 год. Вайна, эканамічныя нягоды — і хапіла чаргі па хлеб у Піцеры, каб успыхнула рэвалюцыя.