Як стала вядома Свабодзе, Аўтуховіча працягваюць вадзіць на судовыя паседжаньні, якія адбываюцца ў будынку горадзенскай турмы. Сёньня падчас працэсу ў другой палове дня ён рэзка аслабеў. У яго ўзмацніўся боль і рэзь у жываце. Тады яго агледзеў лекар, затым спатрэбіўся дадатковы мэдычны агляд. У працэсе зрабілі перапынак.
Вядома, што перад працэсам Міколу рабілі ўкол і давалі нейкую таблетку. Але ягоны стан пасьля гэтага не палепшаў.
Ён заявіў, што будзе працягваць галадаваньне.
Мікола Аўтуховіч пратэстуе супраць абмежаваньня ліставаньня, яму перасталі аддаваць лісты нават ад 83-гадовай маці. Да пятніцы, 22 ліпеня, ён будзе знаходзіцца ў карцары.
Аўтуховіч — беларускі рэкардсмэн у турэмным галадаваньні. У 2009 годзе ён галадаваў 90 дзён, у 2005–2006 — 74 дні. Пры гэтым ён піў ваду. У 2013 годзе ён на знак пратэсту парэзаў сабе жывот у турме.
Міколу Аўтуховічу 59 гадоў, ён вэтэран вайны ў Афганістане, ваўкавыскі прадпрымальнік і грамадзкі актывіст. За кратамі ён больш за паўтара года. Усяго ў «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек. Гэта трэцяе ягонае зьняволеньне.