Пра гэта піша зымбабвійская газэта New Zimbabwe.
Паводле выданьня, 14 ліпеня намесьніца міністра мясцовага самакіраваньня Марыям Чомба заявіла, што сам міністар мясцовага самакіраваньня павінен паўстаць перад Палатай прадстаўнікоў і растлумачыць акалічнасьці справы.
Паводле газэты, «Чомба прадаставіла доўгачаканую інфармацыю аб угодзе яе міністэрства ў справе куплі пажарных машын з усходнеэўрапейскай краіны, якой кіруе аўтакратычны саюзьнік прэзыдэнта Эмэрсана Мнангагвы Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка».
Як піша сайт reform. by, заява Чомбы не зрабіла ўражаньня на заканадаўцаў. Дэпутаты занепакоеныя коштам пажарных машын і навязваньнем урадам транспартных сродкаў бяз доказаў таго, што мясцовыя ўлады хоць калі-небудзь іх запытвалі.
Дэпутаты выказваюць сумненьне, што закупка пажарных машын была прыярытэтнай для мясцовых радаў. Зьбянтэжыў іх і ўнівэрсальны падыход пры закупцы тэхнікі: не зразумела, навошта мясцовым радам у сельскай мясцовасьці пажарная машына з 80-мэтровай стралой. Таму парлямэнтары запатрабавалі паказаць пісьмовыя запыты ад мясцовых уладаў аб неабходнасьці куплі такой тэхнікі.
Міністэрства мясцовага самакіраваньня абавязала мясцовыя гарадзкія рады заплаціць за пажарныя машыны, назваўшы кошт кожнага з тэндэраў — 464 тысячы даляраў. Агулам міністэрства хоча набыць 70 пажарных машын на суму 32 мільёны даляраў.
Крытыкі назваюць пагадненьне аб закупцы машын «яшчэ адной карупцыйнай угодай міністра Джулі Моё»: яны лічаць, што кошт тэхнікі значна завышаны, і абвінавачваюць міністра ў спробе абысьці сыстэму публічных таргоў.
Паводле выданьня Zimlive, машыны плянавалася закупіць у беларускай кампаніі, якой валодае Аляксандар Зінгман, ганаровы консул Зымбабвэ ў Беларусі. Аляксандар Зінгман вядзе актыўную бізнэс-дзейнасьць у Афрыцы, займаецца пастаўкамі сельскагаспадарчай і прамысловай тэхнікі. Разам з сынам Віктара Шэймана Сяргеем яго называюць бэнэфіцыярам бізнэсу па здабычы золата ў Зымбабвэ. У мінулым годзе Зінгман перадаў Зымбабвэ супрацьпажарную тэхніку зь Беларусі.