Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Малдовы папрасіла аб пастаўках зброі: «Калі Расея нападзе, нам яе сустракаць з матыкамі?»


Прэзыдэнт Малдовы Мая Санду
Прэзыдэнт Малдовы Мая Санду

Мая Санду заявіла, што на тле апошніх падзей (вайны ў суседняй Украіне) стала ясна, што нэўтральны статус Малдовы не гарантуе ёй бясьпекі перад патэнцыйнай расейскай агрэсіяй. Абяцаньні ж Эўразьвязу пакуль не гарантуюць эфэктыўнай абароны.

Прэзыдэнт Рэспублікі Малдова, вярхоўная галоўнакамандуючая Ўзброенымі сіламі Мая Санду заявіла аб неабходнасьці аснашчэньня Нацыянальнай арміі сучаснымі рыштункам і зброяй. Па словах Санду, калі б не было вайны ва Ўкраіне, гэтая тэма ня стала б прыярытэтнай для ўладаў, але ва ўмовах ваеннай агрэсіі ў суседняй краіне ўлады абавязаныя рыхтаваць войска да самага змрочнага сцэнару.

Прэзыдэнт Санду заявіла, што пакуль партнэры не даюць ніякіх абяцаньняў наконт узбраеньня, зазначае IPN.

Кіраўніца дзяржавы адзначыла, што ў выпадку расейскага ўварваньня малдаўскіх салдат нельга адпраўляць у бой без баявога рыштунку.

«Рэспубліка Малдова была і застанецца мірнай краінай. Зброя нам патрэбная не для таго, каб ісьці ваяваць з нашымі суседзямі, як гэта робіць Расея. Мы хочам быць у бясьпецы ў сябе дома і ня хочам, каб на нас нехта нападаў. Хоць наша абаронная сыстэма знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане, калі б не было гэтай расейскай агрэсіі супраць Украіны, мы б, напэўна, ня сталі асабліва абмяркоўваць неабходнасьць забесьпячэньня войска. Але ва ўмовах, калі мы бачым, што Расея робіць ва Ўкраіне, было б зусім не сур’ёзна ня думаць пра тое, як нам сябе абараніць, калі з намі здарыцца такая трагедыя. Я вельмі спадзяюся, што да гэтага ня дойдзе, але гэта не ад нас залежыць», — сказала Мая Санду ў перадачы «Bună seara» на грамадзкім тэлеканале.

Санду выкрыла хлусьлівую рыторыку апазыцыі, прыхільнай, у прыватнасьці, папярэдняму прэзыдэнту Ігару Дадону, які апынуўся пад сьледзтвам у справах аб карупцыі. Прарасейская апазыцыя, на яе думку, распаўсюджвае хлусьню адносна намеру Захаду ўзброіць Малдову.

«Эўрапейскі Зьвяз гатовы аказаць нам падтрымку ў мадэрнізацыі арміі, але размова ідзе толькі пра несьмяротны рыштунак, а не аб зброі і боепрыпасах», — сказала прэзыдэнтка.

«Што мы будзем рабіць, калі Расея на нас нападзе? Пашлём абараняць нас войска з матыкамі? Мы ня хочам, каб хто-небудзь уцягваў нас у вайну, але гэта рэальнасьць, да якой мы павінны быць гатовыя. Уся рыторыка апазыцыі хлусьлівая, бо ЭЗ заявіў, што дае нам несьмяротны рыштунак, хаця нам патрэбныя боепрыпасы.

Нам трэба сур’ёзна прааналізаваць тое, якім чынам аснашчана Нацыянальнае войска. Калі ўжо ў нас ёсьць войска, дык мы ня можам пакідаць яго з драўлянымі матыкамі. Мы мусім зрабіць элемэнтарныя рэчы. Адзінае ж абяцаньне, якое даў нам Эўразьвяз, мае на ўвазе несьмяротнае ўзбраеньне», — адзначыла Санду.

Пакуль у Малдове будзе выконвацца прадугледжаны Канстытуцыяй нэўтральны статус, аднак Санду падкрэсьліла, што немагчыма заплюшчваць вочы ды ўдаваць, быццам вайны побач няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG