Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Lego сыходзіць з расейскага рынку


Дацкі вытворца канструктараў Lego спыняе камэрцыйную дзейнасьць у Расеі і разрывае адносіны з кампаніяй, якая кіруе яго расейскімі крамамі. Пра гэта паведамляе выданьне Inc. Інфармацыю пацьвердзіў генэральны дырэктар падразьдзяленьня Lego ў Расеі.

У Расеі працавала 81 крама Lego пад кіраваньнем кампаніі Inventive Retail Group, якая таксама кіравала фірмовымі крамамі Apple, Samsung і Nike — гэтыя брэнды таксама спынілі або абмежавалі сваю дзейнасьць у Расеі.

Пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну кампанія Lego прыпыніла ўвоз прадукцыі ў Расею «праз санкцыі і непрадказальныя ўмовы, у якіх даводзіцца працаваць». На пачатку чэрвеня праз адсутнасьць паставак закрыліся некалькі фірмовых крамаў Lego ў Расеі.

11 ліпеня Міністэрства прамысловасьці і гандлю Расеі дадало Lego ў пералік для паралельнага імпарту тавараў. Па словах экспэртаў, «шэрыя» наборы Lego тэарэтычна можна будзе прадаваць у тых жа гандлёвых пунктах, але назву крамаў давядзецца зьмяніць.

12 ліпеня таксама стала вядома, што расейскі рынак пакіне брытанская касмэтычная сетка Lush. Усе 50 яе крам у Расеі будуць зачыненыя. У рамках паралельнага імпарту прадукцыю Lush увозіць немагчыма, бо ўладальнік брэнду вядзе аптовы гандаль толькі са сваімі партнэрамі.

  • Расея пачала маштабную вайну ва Ўкраіне 24 лютага 2022 году. У адказ на гэта больш за тысячу арганізацый згарнулі сваю дзейнасьць у Расеі, зь іх 306 цалкам пакінулі краіну. ЗША і краіны Эўропы рэгулярна ўводзяць санкцыі, якія забараняюць ці абмяжоўваюць супрацоўніцтва з расейскімі кампаніямі.
  • На пачатку траўня расейскае Міністэрства прамысловасьці і гандлю апублікавала пералік тавараў і брэндаў, якія можна ўвозіць у Расею ў рамках так званага «паралельнага імпарту», гэта значыць без дазволу праваўладальніка. Сьпіс пэрыядычна рэдагуецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG