Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Ва Ўкраіне затрымалі беларускага памежніка за незаконнае перасячэньне мяжы. Што кажа Памежны камітэт Беларусі

Ва Ўкраіне затрымалі беларускага памежніка за незаконнае перасячэньне мяжы. Што кажа Памежны камітэт Беларусі


Беларуска-ўкраінская мяжа на Валыні
Беларуска-ўкраінская мяжа на Валыні

Інцыдэнт здарыўся 29 чэрвеня ў 13:20. Але вядома пра яго стала пасьля таго, як апублікавалі адпаведнае судовае рашэньне: беларускага памежніка пакаралі арыштам.

Грамадзянін Беларусі, які служыць старшыной па матэрыяльным забесьпячэньні ў Берасьцейскай памежнай групе, перасек мяжу па-за пунктам пропуску на тэрыторыі Шацкай грамады Ковельскага раёну Валынскай вобласьці ў кірунку Дубок (Беларусь) — Хрыпск (Украіна). Яго затрымаў патруль украінскіх памежнікаў і склаў акт аб парушэньні паводле ч. 1 артыкула 204-1 Кодэксу Ўкраіны аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Незаконнае перасячэньне мяжы па-за пунктам пропуску караецца спагнаньнем штрафу ў памеры ад 3400 да 8500 грыўняў (ад 100 да 250 даляраў у эквіваленце. — РС) або арыштам на тэрмін да 15 сутак з канфіскацыяй сродкаў, пры дапамозе якіх парушэньне было ўчыненае.

Як вынікае з рашэньня суду, беларускага памежніка пакаралі арыштам на двое сутак з 29 чэрвеня. Магчыма, ён ужо вызвалены і вярнуўся дадому. Згодна з рашэньнем суду ён таксама мусіў сплаціць 496 грыўняў судовага збору.

У той жа час у судовым рашэньні няма тлумачэньня затрыманага беларускага памежніка, як, чаму і навошта ён перайшоў беларуска-ўкраінскую мяжу.

Свабода зьвярнулася з просьбай паведаміць дэталі гэтай справы ў Дзяржаўную памежную службу Ўкраіны.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі сёньня паведаміў, што інцыдэнтаў, звязаных з вайскоўцамі памежнай службы, не было: ніводзін беларускі памежнік мяжу з Украінай не перасякаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG