Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна расчараваная рашэньнем Канады вярнуць у Нямеччыну турбіны для «Паўночнага патоку – 1»


Міністэрства замежных справаў Украіны «глыбока расчараванае» рашэньнем ураду Канады выдаць дазвол на вяртаньне ў Нямеччыну турбін Nord Stream-1, адрамантаваных фірмай Siemens Canada.

«Апошняе канадзка-нямецкае пагадненьне і агучанае на яго падставе рашэньне — гэта падладжваньне санкцыйнага рэжыму пад капрызы Расеі. Гэты небясьпечны прэцэдэнт супярэчыць прынцыпу вяршэнства права і будзе мець толькі адно наступства — ён узмоцніць пачуцьцё беспакаранасьці Масквы», — сказана ў заяве міністэрства.

МЗС Украіны папярэджвае, што перадача турбіны «Паўночны паток – 1» дазволіць Расеі працягваць выкарыстоўваць энэргетыку як інструмэнт гібрыднай вайны супраць Эўропы, і заклікае ўрад Канады адмяніць гэтае рашэньне.

9 ліпеня стала вядома, што Канада зробіць выключэньне з санкцый і верне Нямеччыне расейскія турбіны, неабходныя для працы газаправоду «Паўночны паток». Разам з тым, як заявіла міністарка замежных справаў краіны Мэлані Джолі, Канада пашырыць санкцыі супраць расейскага энэргетычнага сэктару, у тым ліку прамысловай вытворчасьці.

Напярэдадні СМІ паведамілі, што ўрад Канады плянуе вывесьці з-пад санкцый затрыманую турбіну для газаправоду «Паўночны паток». Яе прывезьлі ў краіну з Расеі для рамонту, але цяпер вярнуць яе немагчыма з прычыны абмежаваньняў, уведзеных супраць Масквы. Нямецкі ўрад зьвярнуўся да Атавы з просьбай зрабіць выключэньне.

У мінулым месяцы «Газпром» скараціў прапускную здольнасьць газаправоду «Паўночны паток – 1» да 40% ад звычайнага ўзроўню, спасылаючыся на затрымку вяртаньня абсталяваньня, якое падтрымліваецца нямецкай Siemens Energy у Канадзе.

Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў, што Расея выкарыстоўвае фактар гэтай турбіны, каб апраўдаць скарачэньне магутнасьцяў «Паўночнага патоку – 1», але гэта «абсалютны шантаж». Паводле ўкраінскага міністра, гаворка ідзе не пра тое, што гэтая турбіна не дае магчымасьці прапампоўваць неабходныя аб’ёмы газу, а пра тое, што Расея стварае прэцэдэнт, што санкцыі могуць мець выключэньні.

І Канада, і Нямеччына заяўляюць аб падтрымцы Ўкраіны і асуджаюць расейскую агрэсію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG