Канадзкі ўрад паведаміў, што гэта абмежаваны па часе і адклікальны дазвол, і гэты крок падтрымае «здольнасьць Эўропы атрымаць доступ да надзейнай і даступнай энэргіі, паколькі яны працягваюць пераход ад расейскай нафты і газу», піша Reuters.
Абсталяваньне для расейскага газаправода было адпраўлена на плянавы рамонт і абслугоўваньне ў Канаду нямецкай Siemens. Пазьней Канада адмовілася яго вяртаць з прычыны санкцый на расейскае газавае абсталяваньне. У выніку «Газпром» скараціў прапускную здольнасьць газаправоду «Паўночны паток» да 40% ад намінальнай. Гэта паставіла пад пагрозу пастаўкі газу ў Эўразьвяз.
Адначасова з гэтым крокам Канада аб’явіла, што пашырыць санкцыі супраць энэргетычнага сэктару Расеі.
Новыя санкцыі Канады «будуць распаўсюджвацца на наземны і трубаправодны транспарт, вытворчасьць мэталаў, транспартнага, кампутарнага, электроннага і электрычнага абсталяваньня, а таксама машын».