Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастаўкі газу праз «Паўночны паток» з Расеі ў Нямеччыну скарочаныя на 60%


Любмін, паўночна-ўсходняя Нямеччына, 2019
Любмін, паўночна-ўсходняя Нямеччына, 2019

Расейская кампанія «Газпром» паведаміла пра зьніжэньне паставак газу ў Нямеччыну па газаправодзе «Паўночны паток».

Прычынай названа тое, што адну з газавых турбін кампаніі Siemens, устаноўленую на кампрэсарнай станцыі і адпраўленую на тэхабслугоўваньне ў Канадзе, не вярнулі ў Расею з прычыны ўведзеных з нагоды ўварваньня ва Ўкраіну санкцый. «Газпром» гатовы гарантаваць пастаўкі толькі 100 млн кубамэтраў газу за дзень замест звычайнага аб’ёму ў 167 млн кубамэтраў, паведамілі ў кампаніі.

Пазьней «Газпром» заявіў, што спыняе эксплуатацыю яшчэ адной газатурбіны Siemens на станцыі «Партавая» і з 16 чэрвеня зможа пастаўляць у «Паўночны паток» ня больш за 67 млн кубоў у дзень.

Сьцьвярджаецца, што такая сытуацыя працягнецца прынамсі да канца году.

Улады Нямеччыны заяўляюць, што пакуль няма пагрозы дэфіцыту паліва.

Урад Нямеччыны ўкладзе каля 10 мільярдаў эўра ў Gazprom Germania — былую даччыную кампанію расейскага «Газпрому» — каб выратаваць яе ад банкруцтва. Аб гэтым пішуць Bloomberg і Reuters са спасылкай на крыніцы.

Ва ўрадзе пацьвердзілі існаваньне пляну аб выдзяленьні крэдыту кампаніі адным зь дзяржаўных банкаў, аднак не назвалі дакладную суму.

Кампанія з красавіка знаходзіцца пад даверным кіраваньнем нямецкага энэргетычнага рэгулятара. Яго тэрмін павінен скончыцца ў верасьні. Паведамляецца, што нямецкія ўлады маюць намер падоўжыць яго тэрмін і перайменаваць саму кампанію ў Securing Energy for Europe («Энэргетычнае забеспячэньне для Эўропы»).

Аднак, па зьвестках крыніц, канцлер Оляф Шольц адмовіўся ад плянаў поўнай нацыяналізацыі кампаніі, асьцерагаючыся, што такое рашэньне «можа раззлаваць» прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Пры гэтым міністар эканомікі краіны Робэрт Габэк настойваў на поўнай нацыяналізацыі кампаніі.

Gazprom Germaniа або яго даччыным кампаніям у Нямеччыне належаць, у прыватнасьці, газавыя сховішчы і сеткі дыстрыбуцыі газу, у тым ліку для крытычна важных галін, у тым ліку аховы здароўя.

Нямеччына да расейскага ўварваньня імпартавала з Расеі больш за 50 працэнтаў усяго прыроднага газу. Улады краіны заявілі аб неабходнасьці пазбаўленьня ад энэргетычнай залежнасьці, аднак прызнаюць, што для гэтага неабходна некалькі гадоў.

Расея працягвае пастаўкі газу ў большасьць краін ЭЗ, аднак на фоне вайны і невыразных пэрспэктыў будучых паставак цэны на паліва застаюцца стабільна высокімі, што садзейнічае росту інфляцыі ў ЭЗ.

У Злучаных Штатах кампанія Freeport LNG, якая валодае адным з найбуйнейшых тэрміналаў для экспарту звадкаванага газу, паведаміла, што пажар на яго прадпрыемстве ў Тэхасе, які адбыўся на мінулым тыдні, зробіць немагчымымі пастаўкі ў Эўропу як мінімум да верасьня. Тэрмінал забясьпечваў да 20% амэрыканскага экспарту газу. Паведамленьне прывяло да новага скачка цэнаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG