Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэлядрама пра эканоміку, драма пра сілавікоў. Якія фільмы сёлета хоча зьняць Міністэрства культуры


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На сайце дзяржзакупак зьявіліся адразу тры тэндэры на вытворчасьць фільмаў ад Міністэрства культуры. Улады хочуць прафінансаваць гэтыя стужкі цалкам альбо часткова.

Мэлядрама пра эканоміку

Першае кіно — гульнявы фільм, які прысьвечаны «дасягненьням сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі». Галоўныя героі павінны быць «звычайнымі беларусамі — людзьмі канкрэтных прафэсій: вучоны-атамшчык, лекар, пісьменьнік, артыст балету, інжынэр-будаўнік ды інш.».

Фільм павінен быць мэлядрамай ці драмай — на выбар стваральнікаў. Сцэнар фільму не павінен утрымліваць «элемэнты парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці, табуяваную лексыку і заклікі да экстрэмізму».

Прыкладны кошт — 1,2 мільёна рублёў. Пры гэтым Міністэрства культуры бярэцца прафінансаваць 70% ад затрат на вытворчасьць фільму, астатнія 30% — ці то ад вытворцы, ці то «з крыніц, не забароненых заканадаўствам».

Гістарычны фільм ці фэнтэзі

Фільм такога пляну беларускія ўлады гатовыя зьняць на 100% за свой кошт і патраціць на яго да 8 мільёнаў рублёў, зь іх 1 мільён сёлета. Гэта павінен быць поўнамэтражны фільм па матывах твораў беларускай клясыкі, з элемэнтамі беларускага фальклёру, фэнтэзі, містыкі, прыгодаў, дэтэктыву.

Сцэнар фільму таксама не павінен утрымліваць «элемэнты парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці, табуяваную лексыку і заклікі да экстрэмізму».

Больш падрабязнага апісаньня ў дакумэнтах дзяржзакупкі няма.

Для параўнаньня, адна сэрыя папулярнага фэнтэзі-сэрыялу «Вядзьмак» каштавала 10 мільёнаў даляраў — у 3,4 раза больш, чым хочуць патраціць на гэты гістарычны фільм.

Драма пра вайскоўцаў

Трэцяе кіно, якое хочуць зьняць беларускія ўлады, — гэта драма пра вайскоўцаў коштам 2,4 мільёна рублёў. 500 тысяч зьбіраюцца выдаткаваць ужо сёлета, 100% фільму фінансуюць улады.

Гэта павінен быць фільм да 105-годзьдзя Ўзброеных сілаў Беларусі для «патрыятычнага выхаваньня моладзі». Прыярытэтны сюжэт — гісторыя жыцьця і лёсу сучаснага беларускага вайскоўца. Прататыпамі галоўных герояў прапануюць зрабіць, як варыянт, герояў Беларусі, лётчыкаў Лідзкай штурмавой авіябазы маёра Андрэя Нічыпорчыка і лейтэнанта Мікіту Куканенку. Летась у траўні яны ў Баранавічах адвялі самалёт ад жылых дамоў, але самі загінулі.

На выбар, прататыпам галоўнага героя прапануюць зрабіць героя Беларусі, падпалкоўніка Ўладзімера Карвата. 23 траўня 1996 году ў яго ў самалёце пачаўся пажар, самалёт падаў на паселішча. Каб адвесьці самалёт убок, лётчык ня стаў катапультавацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG