Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кіраўнікоў FIFA і UEFA Ёзэфа Блятэра і Мішэля Пляціні апраўдалі ў швайцарскім судзе


Ёзэф Блатэр і Мішэль Плаціні
Ёзэф Блатэр і Мішэль Плаціні

Ёзэфа Блятэра і Мішэля Пляціні вінавацілі ў некалькіх справах, зьвязаных з махлярствам і карупцыяй у футболе.

Справы былога прэзыдэнта UEFA Мішэля Пляціні і былога прэзыдэнта FIFA Ёзэфа Блятэра разглядаў Фэдэральны крымінальны суд Бэлінцоны, што ў Швайцарыі. Судзьдзя не пагадзіўся з довадамі абвінавачаньня, якое патрабавала для Пляціні год, а для Блятэра 8 месяцаў пазбаўленьня волі. Абодва абвінавачаныя не прызналі сябе вінаватымі, піша італьянскае выданьне Calcio e Finanza.

Гэтая справа аб махлярстве, якая зьявілася ў 2015 годзе, перакрэсьліла амбіцыі француза Пляціні выйсьці на вяршыню сусьветнага футболу, узначаліўшы FIFA.

Блятэра абвінавацілі ў махлярстве, прысваеньні маёмасьці, нядобрасумленным адміністраваньні і фальсыфікацыі дакумэнтаў, а Пляціні — у махлярстве, саўдзеле ў растраце, саўдзеле ў нядобрасумленным адміністраваньні і фальсыфікацыі дакумэнтаў.

«Блятэр і Пляціні абвінавачваюцца ў незаконным атрыманьні на шкоду FIFA і на карысьць Пляціні выплаты ў памеры 2 млн швайцарскіх франкаў і ўнёскаў на сацыяльнае страхаваньне ў памеры 229 тысяч франкаў. У 2011 годзе Пляціні нібыта прадаставіў FIFA фіктыўны рахунак-фактуру па (як мяркуецца) усё яшчэ існуючай прэтэнзіі за яго кансультацыйную дзейнасьць для FIFA ў 1998-2002 гадах. Пасьля падпісаньня гэтага рахунку-фактуры і пацьверджаньня існаваньня крэдыту Блятэра FIFA ўрэгулявала б адпаведную прэтэнзію (уключаючы ўнёскі на сацыяльнае страхаваньне) на карысьць Пляціні», — тлумачыў Фэдэральны крымінальны суд Швайцарыі, спасылаючыся на зьмест абвінавачаньня.

Аднак у выніку суд палічыў доказы недастатковымі і апраўдаў падсудных у крымінальных справах, якія ім інкрымінавалі.

Мішэль Пляціні — адзін з найвялікшых гульцоў ХХ стагодзьдзя, чэмпіён Эўропы 1984 году ў складзе зборнай Францыі. Быў прэзыдэнтам UEFA з 2007-га па 2015 год, але пасьля фінансавага скандалу і пачатку сьледзтва быў на 8 гадоў адхілены ад выкананьня кіроўных функцый у футболе.

Ёзэф (Зэп) Блятэр футбалістам ня быў, зрабіўшы кар’еру ў сфэры бізнэсу і фінансаў. З 1998-га па 2015 г. узначальваў FIFA, але пакінуў Міжнародную фэдэрацыю футболу праз падазрэньні ў карупцыі.

Варта адзначыць, што і цяперашнія кіраўнікі UEFA і FIFA атрымліваюць вялікую крытыку, а часам і падазрэньні ў карупцыі. Кіраўніка эўрапейскай фэдэрацыі славенца Аляксандра Чэфэрына вінавацяць, у прыватнасьці, у тым, што ён ігнаруе ўмяшаньне палітыкі ў спорт на прыкладзе Беларусі, што пярэчыць статуту арганізацыі.

Прэзыдэнта FIFA швайцарца Джаньні Інфантына крытыкуюць за дазвол правесьці чэмпіянат сьвету 2022 году ў Катары ў лістападзе замест звыклага пэрыяду ўлетку, а таксама ў тым, што той ніякім чынам не рэагуе на факт сьмерці тысяч рабочых на будоўлях стадыёнаў і іншых аб’ектаў пад турнір у Катары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG