Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Падтрымаць правабаронцаў, мэдыя, жанчын, моладзь, культурных дзеячоў». Ціханоўская выступіла перад міністэрскім камітэтам Рады Эўропы

«Падтрымаць правабаронцаў, мэдыя, жанчын, моладзь, культурных дзеячоў». Ціханоўская выступіла перад міністэрскім камітэтам Рады Эўропы


6 ліпеня Сьвятлана Ціханоўская прыбыла ў Страсбур, дзе выступіла перад міністэрскім камітэтам Рады Эўропы — кіраўнічым палітычным органам Рады Эўропы. Удзел у паседжаньні ўзялі прадстаўнікі больш чым 50 краінаў, а таксама генэральная сакратарка Рады Эўропы.

Сьвятлана Ціханоўская выступіла са зваротам да камітэту з заклікам стварыць кіраўнічы камітэт па сувязях зь Беларусьсю, у які трэба ўключыць прадстаўнікоў Рады Эўропы, дэмакратычных сіл Беларусі і грамадзянскай супольнасьці.

Орган, паводле задумы Ціханоўскай, павінен даць плятформу для супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Радай Эўропы. Стратэгічнай мэтай застаецца паўнацэннае сяброўства Беларусі ў гэтай арганізацыі.

Ціханоўская азначыла шэраг напрамкаў, у якіх павінна разьвівацца супрацоўніцтва паміж Радай Эўропы і дэмакратычнай Беларусьсю ўжо цяпер: падрыхтоўка рэформаў, транзытнага пэрыяду, распрацоўка і рэалізацыя праграм падтрымкі правабаронцаў, мэдыяў, жанчын, моладзі, юрыстаў, культурных дзеячоў.

Ціханоўская заявіла, што сьмяротнае пакараньне будзе адмененае адразу пасьля дэмакратычных пераменаў. Менавіта з прычыны сьмяротнага пакараньня Беларусь была пазбаўленая права сяброўства ў Радзе Эўропы. Ціханоўская расказала пра справу беларускіх партызанаў, якім пагражае сьмяротнае пакараньне.

Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што Лукашэнка не прадстаўляе Беларусь і беларусаў, і яго прадстаўнікі павінны быць пазбаўленыя права выступаць ад іх імя.

«Павінна быць больш Рады Эўропы ў Беларусі, і больш Беларусі ў Радзе Эўропы. Мы трапілі ў ізаляцыю празь дзеяньні злачыннага рэжыму Лукашэнкі. Ён на працягу многіх гадоў трымаў нашу Беларусь у ізаляцыі. Мы павінны аднавіць добрае імя Беларусі і вярнуць яе на мапу Эўропы», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG