Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская і Латушка агучылі пляны кангрэсу беларусаў, на якім абмяркуюць стварэньне вызваленчага руху


Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка. Польшча, Варшава, 5 ліпеня 2022
Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка. Польшча, Варшава, 5 ліпеня 2022

5 ліпеня ў Варшаве дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская разам з кіраўніком Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўлам Латушкам правяла прэс-канфэрэнцыю, падчас якой расказала, сярод іншага, пра наступныя крокі падтрымкі беларусаў польскімі ўладамі.

Польшча дала прытулак 45 тысячам беларусаў

«З самага пачатку нашай рэвалюцыі Польшча заняла жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі, увяла санкцыі і дала прытулак больш як 45 тысячам беларусаў», — сказала падчас прэс-канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская.

Палітык адзначыла, што прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі падчас іх сумеснай сустрэчы запэўніў, што беларусы, якія ратуюцца ад рэпрэсій і вайны ва Ўкраіне, знойдуць прытулак у Польшчы, а тыя, хто змагаецца за свабоду, могуць разьлічваць на польскую дапамогу.

«Я папрасіла прэмʼер-міністра ўключыць дэмакратычную Беларусь ва ўсе перамовы аб рэгіянальнай бясьпецы. Мая каманда таксама сустракалася з МУС Польшчы, і мы абмяркоўвалі легалізацыю беларусаў, якія прыехалі сюды з Украіны. Многія зь іх ня маюць візаў і відаў на жыхарства. Спадзяюся, ужо ў гэтым месяцы яны змогуць атрымаць візы тут, у Варшаве», — заявіла Ціханоўская.

Па словах Ціханоўскай, у яе заплянаваныя сустрэчы з прэзыдэнтам Анджэем Дудам і міністрам аховы здароўя Адамам Нядзельскім.

Зь Нядзельскім Ціханоўская плянуе ўзьняць пытаньне аб беларускіх лекарах, якія ўцяклі зь Беларусі і хочуць працягнуць сваю дзейнасьць у Польшчы, з Дудам абмяркуе падтрымку свабоднай Беларусі на міжнароднай арэне.

Раней Ціханоўская ўжо сустрэлася зь мясцовымі беларусамі, беларускімі валянтэрамі, а таксама байцамі-добраахвотнікамі, актывістамі грамадзкіх арганізацый і СМІ.

Кангрэс беларусаў заплянаваны на жнівень

Падчас сваёй размовы з журналістамі Ціханоўская таксама паведаміла, што ў жніўні плянуецца арганізацыя кангрэсу (зьезду беларусаў) з мэтай «падсумаваць тое, што было зроблена за два апошнія гады, падкарэктаваць стратэгію».

«Цяпер мы змагаемся ня толькі за новыя выбары ў нашай краіне, але ўжо і за саму незалежнасьць Беларусі. Таму будуць зьмены ў стратэгіі, у падыходах і стварэньне кабінэта, якое было абвешчана ў лютым, яно ўсё яшчэ на стадыі распрацоўкі. Ёсьць грамадзкае запатрабаваньне на такога кшталту прадстаўніцтва. Таму мы над гэтым працуем», — адзначыла Ціханоўская.

Важнасьць арганізацыі кангрэсу падкрэсьліў і Павел Латушка:

«Кангрэс — гэта адзін з органаў, які дэмакратычным спосабам можа выказваць думку беларускага грамадзтва» — сказаў Латушка і адзначыў, што адным з пытаньняў, якія будуць абмяркоўваюцца падчас кангрэсу, стане стварэньне вызваленчага руху Беларусі.

«Важна, каб гэты кангрэс уключаў у сябе максымальна шырокае прадстаўніцтва беларусаў. Неабходна выпрацоўка стратэгіі ў адносінах да Украіны. Украіны, якая вядзе вайну, змагаецца з агрэсарам у асобе Расеі», — сказаў Латушка.

Напярэдадні Павал Латушка выказаў свае чаканьні ад кангрэсу беларусаў:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG