Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускай валянтэркі з Бучы не прынялі дакумэнты для легалізацыі ва Ўкраіне


Карына Пацёмкіна
Карына Пацёмкіна

У Карыны Пацёмкінай, беларускай валянтэркі з Бучы, не прынялі дакумэнты для падачы на часовы від на жыхарства ва Ўкраіне, расказала яна «Мэдыязоне».

Паводле дзяўчыны, яна прыйшла ў міграцыйную службу, каб падаць дакумэнты на афармленьне часовага віду на жыхарства, выкарыстоўваючы для гэтага падставу «валянтэрства ў арганізацыі». Але пакет дакумэнтаў, у тым ліку падзяку ад Бучанскай тэрытарыяльнай грамады, не прынялі, кажа Пацёмкіна. Пазьней супрацоўніца міграцыйнай службы забрала ў Пацёмкінай пашпарт і сказала, што ў яе будзе штраф, але «мінімальны, бо яна валянтэрка».

«Пасьлязаўтра я пайду па пашпарт, а там будзе штамп. І я ня ўеду ва Ўкраіну, таму што цяпер яны ўсіх дэпартуюць без разбору. Ставяць вось гэтыя штампы і даюць штрафы», — лічыць валянтэрка.

Дагэтуль на тэрыторыі Ўкраіны Пацёмкіна заставалася бязь віду на жыхарства і жыла ў Бучы. З надыходам расейскіх войскаў яна здолела эвакуавацца, але потым вярнулася «як толькі можна было», кажа дзяўчына.

«Я проста легальна заставалася на тэрыторыі Ўкраіны 180 дзён. Я таксама ўцякла, але не падавалася на палітычны прытулак. Я толькі патэлефанавала ў міграцыйную службу, і мне сказалі, што на ваенным становішчы яны не прымаюць заявы на ўцякацтва, але нібыта мой званок зафіксавалі і ператэлефануюць мне як скончыцца вайна», — патлумачыла Пацёмкіна.

30 чэрвеня Карыне Пацёмкінай уручылі падзяку за валянтэрскую дзейнасьць ва Ўкраіне. Узнагароджаньне праходзіла ад імя Бучанскай тэрытарыяльнай грамады. Тады Пацёмкіна апублікавала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку відэа цырымоніі.

«У кожнай супольнасьці ёсьць свая праца. У кожнай нацыі ёсьць раны для загаеньня. У кожным сэрцы ёсьць сіла зрабіць гэта», — напісала валянтэрка на ўкраінскай мове.

Гэта ня першы выпадак, калі беларускія валянтэры ва Ўкраіне маюць праблемы зь міграцыйнай службай Украіны. У чэрвені праваабаронца Анісія Казьлюк была затрыманая ў Кіеве — нібыта за нелегальнае знаходжаньне ва Ўкраіне, атрымала штраф і адмову падоўжыць тэрмін яе легальнага знаходжаньня ў краіне.

29 чэрвеня, пасьля ўмяшаньня ў справу Кабінэту прадстаўнікоў Ціханоўскай, у яе ўрэшце прынялі дакумэнты, і цяпер яна чакае рашэньня міграцыйнай службы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG