Паводле кіраўніка бюро Вадзіма Мельніка, размова ў тым ліку ідзе аб 17,8 тыс. чыгуначных вагонаў, 160 аўтамабілях і сродках спэцтэхнікі.
«Перадусім, гэтыя актывы не павінны працаваць на краіну-агрэсара. Па-другое, яны павінны належаць Украіне і прыносіць карысьць нашай краіне. Вагоны павінны перавозіць грузы па ўкраінскай чыгунцы, таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці — выкарыстоўвацца для аднаўленьня разбураных населеных пунктаў, прыбытак ад продажу аўтамабіляў — перадавацца на патрэбы УСУ», — сказаў Мельнік.
Напярэдадні Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў пра арышт 20 грузавікоў двух «падкантрольных ураду Беларусі» прадпрыемстваў. Праводзіцца дасудовае расьсьледаваньне ў крымінальнай справе аб «прысваеньні маёмасьці» і «фінансаваньні дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны (ч. 5 арт. 191, ч. 2 арт. 110-2 КК)».
У Кіеве працуюць два прадпрыемствы («АўтаМАЗ Украіна» і «Гандлёвы дом «МАЗ-Украіна»), канчатковым бэнэфіцыярным уладальнікам якіх, паводле зьвестак пракуратуры, «зьяўляецца дзяржаўная структура, падкантрольная ўраду Беларусі».
На прадпрыемствах правялі ператрусы, арыштавалі 20 грузавікоў на агульную суму каля 625 тысяч даляраў у эквіваленце.
Раней паведамлялася, што ў Мікалаеўскай вобласьці было перададзена для нацыяналізацыі беларускае судна «Надзея», якое «было задзейнічанае ў лягістычных апэрацыях РФ на рацэ Дунай».