Дзяўчынка Аліса са сваёй бабуляй прыехала у Гомель, ратуючыся ад вайны, з Данецкай вобласьці Ўкраіны. 27 чэрвеня ў дзяўчынкі быў дзень нараджэньня — 9 гадоў. Яна вырашыла зладзіць акцыю — зрабіць на продаж папяровых «галубоў міру» і такім чынам назьбіраць грошы на падарунак. З дапамогай мясцовых валянтэраў вырашана было арганізаваць сьвята для ўкраінскіх дзяцей, якія вымушана жывуць у Гомлі.
Сьвята назвалі «Дзень днёў нараджэньня».
Меркавалася, што ў праграме будуць гульні, конкурсы, сувэніры і падарункі. Абавязковай умовай было прынесьці з сабой «голуба міру» ці зрабіць яго разам на сустрэчы.
Але міліцыя «скарэктавала» пляны. Дзіцячае сьвята ўсё-ткі адбылося — але ў іншым месцы.
29 чэрвеня па адну з арганізатарак, жыхарку Гомля Алу К., прыйшла міліцыя. Пазьней Свабодзе стала вядома, што Ала ў ІЧУ. Паводле якога артыкула — у ізалятары адмовіліся казаць.
Праўладныя тэлеграм-каналы выказаліся, што міліцыя ўмяшалася ў сьвята, бо баялася «правакацый і палітычных лёзунгаў», а на масавае мерапрыемства яго ўдзельнікі не падалі заяўку ў гарвыканкам.