Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 27 чэрвеня: супрацоўніка «Нафтану» арыштавалі за «падпіску на Радыё Свабода»; Дзядку могуць узмацніць рэжым


Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота
Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

За «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» арыштавалі яшчэ аднаго супрацоўніка «Нафтану».

Бацьку дваіх непаўналетніх дзяцей Сяргея Бадунова затрымалі 22 чэрвеня на працоўным месцы. Падставай для затрыманьня стала падпіска на Радыё Свабода, паведамляюць праваабаронцы.

У РАУСе на мужчыну склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюджаньне экстрэмісцкіх матэрыялаў). У выніку судзьдзя Зінаіда Балаболава 24 чэрвеня прысудзіла Сяргею Бадунову 10 дзён арышту.

З 14 траўня за кратамі знаходзіцца 32-гадовы супрацоўнік «Нафтана» Барыс Жахоўскі, якога ўжо тройчы асудзілі ў адміністрацыйных справах агулам на 45 сутак. Барыс ужо 15 дзён трымае галадоўку на знак пратэсту.

Палітзьняволенаму анархісту Міколе Дзядку могуць узмацніць рэжым

У судзе Горацкага раёну 28 чэрвеня разгледзяць справу «аб пераводзе Мікалая Дзядка ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і зьмене ўмоваў рэжыму», піша «Вясна». Падобна, яго зьбіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым, адзначаюць праваабаронцы. Рашэньне ў справе будзе прымаць судзьдзя Станіслаў Ляшэнка.

Палітзьняволенага блогера і анархіста Дзядка ў канцы сакавіка зьмясьцілі ў ПКТ на чатыры месяцы за адмову хадзіць на працу на знак пратэсту супраць пазбаўленьня яго асабістай перапіскі і перасьледу тых асуджаных, якія зь ім кантактуюць. Акрамя гэтага, з 15 па 24 красавіка палітвязьня ўтрымлівалі ў ШЫЗА па двух пратаколах.

Міколу Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020, пасьля чаго моцна білі і катавалі. Летась 10 лістапада палітвязьня асудзілі на 5 гадоў калёніі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: 342, 361, 295-3. Мікола не прызнаў віны ні па ніводным артыкуле.

Мянчанку асудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі» за «апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці»

У судзе Фрунзенскага раёна Менска 23 чэрвеня агучылі прысуд 49-гадовай Тацьцяне Вадапьян. Судзьдзя Юлія Чыж абвінаваціла жанчыну паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса («Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці») і прысудзіла ёй два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хатнюю хімію».

Вядома, што Тацьцяну затрымалі 21 красавіка за «палітычныя надпісы» і да суда ўтрымлівалі пад вартай.

Яе выпусьцілі ў залі суда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG