Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў інтэрвію Politico заявіў, што NATO неабходная больш «прыкметная» прысутнасьць у балтыйскіх краінах, каб супрацьстаяць пагрозе, якая зыходзіць ад Расеі з тэрыторыі Беларусі.
Паводле яго, «вельмі вялікія фундамэнтальныя зьмены» ў суседняй Беларусі робяць Літву больш уразьлівай для хуткага расейскага нападу — і патрабуюць зьмены мэханізмаў бясьпекі ў рэгіёне. Літоўскі лідар заявіў, што ахарактарызаваў бы сёньняшнюю Беларусь як «дадатковую правінцыю» Масквы, дадаўшы, што «расейскае войска можа рабіць тое, што хоча, перамяшчаць сілы, разгортваць тэхніку».
Як адзначыў Наўседа, у мінулым стратэгія NATO абапіралася на падмацаваньні: адносна невялікія сілы разьмяшчаліся на ўсходняй мяжы альянсу, і чакалася, што саюзьнікі прыйдуць на дапамогу рэгіёну ў выпадку нападу. Цяпер жа новая рэальнасьць, паводле Наўседы, «не пакідае нам часу для рэакцыі», таму што расейскія войскі «могуць быць лёгка разгорнутыя вельмі блізка да нашай мяжы», і «часу на падмацаваньне ня будзе».
Цяпер афіцыйныя асобы краінаў Балтыі просяць больш войскаў, зброі і сродкаў супрацьпаветранай абароны.
Нямеччына, якая ўжо ўзначальвае баявую групу NATO ў Літве, нядаўна аб’явіла, што павялічыць свой унёсак у абарону краіны. Плян уключае ў сябе войскі, якія будуць прызначаныя для абароны бясьпекі Літвы, але фармальна будуць разьмяшчацца ў Нямеччыне. Чакаецца, што гэтую мадэль паўтораць у некаторых іншых краінах.
Афіцыйныя асобы і дыпляматы NATO вядуць перамовы аб кампрамісе, паводле якога некаторыя саюзьнікі павялічаць сваю прысутнасьць на ўсходнім флянгу — у тым ліку шляхам разьмяшчэньня там большай колькасьці ўзбраеньняў і выдзяленьня войскаў для абароны рэгіёну — але без абавязацельстваў па стварэньні доўгатэрміновых, буйнамаштабных і пастаянных базаў.
Як падкрэсьліў прэзыдэнт Літвы, «самае важнае» для Балтыі — гэта «атрымаць вельмі дакладныя запэўненьні» ад саюзьнікаў аб «больш прыкметнай перадавой прысутнасьці ў Балтыі».
У той жа час ён прызнаў наяўнасьць пэўных лягістычных перашкодаў і неабходнасьць «адэкватнай інфраструктуры, жыльля і навучальных памяшканьняў», якія краіны Балтыі павінныя стварыць для павелічэньня колькасьці войскаў NATO і больш пастаяннай прысутнасьці ў рэгіёне.