«Яны цяпер у шокавым стане — і маці, і сястра. Маці забралі зь лецішча ў Валожынскім раёне. Сястру — з працы ў Менску. Цяпер маці на нэрвовай глебе ня можа рухацца — нешта з нагамі. Відаць, пагражалі, палохалі, пыталіся пра мяне, казалі, што я за мяжой сяджу і шмат там гавару. Правялі вобшук. Запісалі з адной зь іх „пакаяннае відэа“ і абяцалі даслаць мне асабіста», — расказаў Свабодзе Сяргей Бульба.
Сам ён не жыве ў Беларусі, апошні раз быў на радзіме ў 2017 годзе, пасьля таго як закрылі крымінальную справу былых сяброў «Белага Легіёну».
Патрыятычная арганізацыя «Белы Легіён» была заснаваная ў 1996 годзе, спыніла існаваньне ў «нулявых» гадах.
У 2017 годзе беларускія ўлады распачалі крымінальную справу супраць былых сяброў «Белага Легіёну». Міліцыя і спэцслужбы, пасьля і Лукашэнка напярэдадні Дня Волі (25 сакавіка) паведамілі, што з Украіны прарваўся джып са зброяй, а ў Беларусі затрымалі «дзясяткі баевікоў». Па крымінальнай справе былі затрыманыя больш за 30 чалавек. Увосень 2017 году крымінальную справу прыпынілі, фігуранты выйшлі на волю.