Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы масава сутыкнуліся з праблемамі ў выкарыстаньні банкаўскіх картак


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта паведамляе партал Onliner.

Сёньня напрыканцы працоўнага дня многіх беларусаў чакаў непрыемны сюрпрыз: пры аплаце ў крамах не прымалі карткі, не працавалі яны і ў многіх банкаматах. Аказалася, што гэта чарговы збой.

— Не працуе аплата карткай. Спрабаваў толькі што расплаціцца ў «Грошыку», але на касах прымаюць толькі наяўныя. Выдае «памылку сувязі», — паведамляе чытач.

Такія ж праблемы — з аплатай таксі і мэтро па картцы.

— Выклікаў «Яндэкс-таксі» пасьля працы, а сыстэма пераключыла мяне з аплаты карткай на наяўныя. Пасьля чаго ў 17:24 прайшла аплата ў адной краме, а ў іншай у 17:35 ужо не прайшла, — наракае мянчук Віктар.

— Падобна, што працэсінгавы цэнтар зламаўся. Не працуюць банкаматы і тэрміналы амаль па ўсім Менску. Як мінімум у чатырох крамах запар не працуюць тэрміналы — «Суседзі», «Ганна», «Прастор» і «Хіт». На вуліцы Дзянісаўскай у «Кароне» па гучнай сувязі абвяшчаюць, што не працуюць карткі, — паведамляе іншы чытач.

— Я ня змог аплаціць тавар у «Табакерцы» каля дому, потым зазірнуў у працоўны чат — аказваецца, не працуюць таксама карткі на АЗС далёка адсюль і ў крамах, — кажа Арцём.

Падобныя праблемы і ў банкаматах. У адных картка проста завісла, у іншых банкамат яе выплюнуў.

— Банкаматы ўсіх банкаў тупяць, грошы сьпісваюцца, але не выдаюцца, карткі ў крамах і аптэках не праходзяць. Стаяць вялізныя чэргі ў банкамат. Банкамат піша: Please wait... — і ўсё, ніякіх дзеяньняў няма, — паведамляе чытачка.

— У банкамаце ў дзяжурнай аптэцы на Коласа мужчына спрабаваў зьняць грошы ў банкамаце — не атрымалася, хлопец за ім усё ж дамогся сьпісаньня з рахунку, але банкамат проста выплюнуў картку, — кажа Антон.

Крыху пазьней чытач расказаў пра такую ж праблему, але ня ў Менску, а ў Гомлі. Мужчыну не пашанцавала яшчэ больш.

— Здымаў грошы з банкамата ў Гомлі. З рахунку грошы сышлі, але мне банкамат нічога ня выдаў. А сума немалая — 1290 рублёў. У банку сказалі, што разгляд зойме да двух працоўных дзён, — кажа Віталь.

Пацьвердзілі збой і ў ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтар» (БПЦ). Кажуць, збой зьвязаны з частковай непрацаздольнасьцю праграмна-тэхнічнага комплексу.

— Прыкладаюцца сумесныя намаганьні для аднаўленьня сэрвісу ў максымальна сьціслыя тэрміны, — паведамілі ў цэнтры.

Крыху пазьней БПЦ паведаміў, што адбыўся тэхнічны збой, зьвязаны з частковай непрацаздольнасьцю праграмна-тэхнічнага комплексу. З 18:08 усе праблемы былі выпраўленыя і «ўсё працуе ў штатным рэжыме». Многія пацьвердзілі, што па картках стала магчыма плаціць прыкладна з гэтага часу, але некаторыя чытачы і пасьля гэтага не змаглі аплаціць свае пакупкі.

Апошні буйны збой у Банкаўскім працэсінгавым цэнтры адбыўся раніцай 31 траўня. Тады таксама не працавалі карткі. Што менавіта стала прычынай збою, не паведамлялася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG