У паведамленьні праўладнага каналу сьцьвярджаецца, што супраць Гладчука завялі справу па «народным» 342-ым артыкуле Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). На відэа Гладчук кажа, што «браў удзел у несанкцыянаваных мітынгах», быў падпісаны на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы».
Пад відэа зь Юліяй Мудрэўскай таксама паведамляецца, што супраць яе завялі крымінальную справу, але па якім артыкуле — не ўдакладняецца. На відэа яна кажа, што ў жніўні і верасьні 2020 году «брала ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах».
16 чэрвеня стала вядома, што сілавікі затрымалі трох супрацоўнікаў вядучага беларускага аўтамабільнага парталу ABW.by — галоўную рэдактарку сайта Юлію Мудрэўскую, рэдактара рэклямных праектаў Юрыя Гладчука і выпускаючага рэдактара Вадзіма Зянкевіча.
За дзень да гэтага ў Інстаграме выданьня зьявілася публікацыя, у якой супрацоўнікаў парталу абвінавачвалі ў тым, што яны нібыта «рабілі дзікунства і напружвалі сытуацыю ў краіне». У публікацыі былі выстаўленыя скрыны службовай перапіскі супрацоўнікаў парталу ў працоўным чаце.