«Наша ніва» паведамляе пра затрыманьне трох супрацоўнікаў аўтамабільнага парталу ABW.by — галоўнай рэдактаркі сайту Юліі Мудрэўскай, рэдактара рэклямных праектаў Юрыя Гладчука і выпускаючага рэдактара Вадзіма Зянкевіча.
НН адзначае, што сваякі галоўнай рэдактаркі адмовіліся камэнтаваць, у рамках якой справы — адміністрацыйнай ці крымінальнай — адбыліся затрыманьні.
Учора ў Інстаграме выданьня зьявілася публікацыя, у якой супрацоўнікі парталу абвінавачваліся ў тым, што «рабілі дзікунства і напружвалі сытуацыю ў краіне».
У публікацыі былі выстаўленыя скрыны службовай перапіскі супрацоўнікаў парталу ў працоўным чаце.
Публікацыя ўтрымлівала пагрозу, што «ўсё толькі пачынаецца».