Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстралійскі пісьменьнік папрасіў прабачэньня ў Сьвятланы Алексіевіч за «неўсьвядомлены» плягіят. Параўноўваем цытаты


У літаратурным сьвеце ў Аўстраліі здарыўся немалы скандал. Аўстралійскі аўтар Джон Г’юз (John Hughes) быў вымушаны публічна папрасіць прабачэньня за, як ён лічыць, ненаўмысны плягіят у сваім рамане кнігі беларускай нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча».

Адмысловае дасьледаваньне, праведзенае аўстралійскім варыянтам выданьня брытанскай газэты The Guardian (Guardian Australia), выявіла амаль 60 падабенстваў ці нават аднолькавых сказаў у рамане Г’юза «Сабакі» («The Dogs») з кнігай Алексіевіч, якая ўпершыню выйшла па-расейску ў 1985 годзе, а яе ангельскамоўны пераклад — «War's Unwomanly Face» — у 2017 годзе.

Справа плягіяту набыла агульнанацыянальны розгалас, паколькі раман «Сабакі» Джона Г’юза апынуўся ў доўгім сьпісе найбольш прэстыжнай літаратурнай прэміі ў Аўстраліі — прэміі імя Майлза Фрэнкліна.

Алексіевіч: Гэта абуральна

Выданьне Guardian Australia выслала Сьвятлане Алексіевіч шэраг урыўкаў з «Сабак» і спытала пра відавочнае выкарыстаньне яе матэрыялу. Беларуская пісьменьніца даслала празь перакладчыка кароткую заяву, якую цытуе The Guardian: «Я ніколі ня чула пра The Dogs і ня зьвязвалася з Гʼюзам. Даслоўныя вытрымкі з маёй кнігі абуральныя, і я, вядома, не пагаджалася на гэта».

Калі гэтыя самыя ўрыўкі паказалі перакладчыкам кнігі «У вайны не жаночае аблічча», сужэнцам Рычарду Півіру і Ларысе Валахонскай, яны назвалі падабенствы і супадзеньні «даволі незвычайнымі».

«Такое не бывае выпадкова: не з такімі канкрэтнымі словамі, іх пасьлядоўнасьцю, тонам апавяданьня, — заявілі яны. — На гэта, безумоўна, варта зьвярнуць увагу судзьдзяў [літаратурнай прэміі імя Майлза Фрэнкліна] і грамадзкасьці».

Г'юз: «Я быў сапраўды зьдзіўлены»

У заяве для The Guardian Гʼюз сказаў, што пачаў пісаць «Сабак» 15 гадоў таму, і гэты працэс уключаў шмат запісаў размоваў зь яго ўкраінскімі бабай і дзедам, якія апавядалі пра шмат выпадкаў, падобных да тых, што зьмяшчаюцца ў кнізе Алексіевіч.

Пісьменьнік сказаў, што ўпершыню прачытаў «У вайны не жаночае аблічча», калі кніга выйшла на ангельскай мове ў 2017 годзе, і выкарыстоўваў яе на занятках творчага пісьменства са студэнтамі.

«Я тады выбраў урыўкі, якія хацеў выкарыстаць, і з тых часоў не вяртаўся да самой кнігі, — сказаў Гʼюз. — У нейкі момант, неўзабаве пасьля таго, як я, напэўна, дадаў іх да стэнаграмаў, якія я рабіў у інтэрвію са сваімі бабай і дзедам на працягу многіх гадоў… [я пачаў] лічыць іх сваімі ўласнымі».

Пісьменьнік дадаў, што аповеды бабулі і дзядулі ў ягонай сьвядомасьці зьмяшаліся з вуснымі гісторыямі Алексіевіч: «Я больш ня мог іх адабраць, нават калі б хацеў».

Гʼюз працягнуў: «Я не спрабую тут апраўдвацца. Я хутчэй спрабую зразумець, як я мог так непасрэдна выкарыстаць часткі твора іншага пісьменьніка, не ўсьведамляючы, што я гэта раблю. Я ні на адным этапе пісаньня ня меў намеру выдаць твор Алексіевіч за свой уласны і быў сапраўды зьдзіўлены, калі ўбачыў матэрыял, уключаны ў газэтны артыкул (няма нічога больш трывожнага, чым выявіць, што ваш творчы працэс зусім ня тое, што вы думалі)».

«Я хацеў бы папрасіць прабачэньня ў спадарыні Алексіевіч і яе перакладчыкаў за тое, што выкарыстаў іх словы без прызнаньня (іхнага аўтарства. — РС)», — сказаў Джон Гʼюз.

Журы прэміі імя Майлза Фрэнкліна (фінансавая частка ўзнагароды — 60 тысяч даляраў) выдаліла кнігу Джона Г’юза «Сабакі» з доўгага сьпісу прэтэндэнтаў.

Ня толькі Алексіевіч, але і іншыя

Празь некалькі дзён пасьля адкрыцьця плягіяту Джона Г’юза з кнігі Алексіевіч, The Guardian паведаміў, што дасьледнікі знайшлі ў ягоных «Сабаках» таксама ўрыўкі і фразы, якія вельмі моцна падобныя да некаторых фармулёвак і фразаў у кнігах «Вялікі Гэтсбі» Фрэнсіса Скота Фіцджэралда, «Ганна Карэніна» Льва Талстога і «На заходнім фронце безь перамен» Эрыха Марыі Рэмарка.

«Я ня думаю, што я плягіятар большы, чым любы іншы пісьменьнік, на якога паўплывалі вялікія, якія былі да іх», — адказаў Г’юз на гэтыя новыя закіды.

* * *

Дзеля параўнаньня прывядзем з The Guardian тры кароткія ўрыўкі з ангельскага перакладу кнігі Сьвятланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча» і тры адпаведныя ім урыўкі з кнігі Джона Г’юза «Сабакі», якія могуць падпадаць пад катэгорыю літаратурнага плягіяту:

War's Unwomanly Face:

Somebody betrayed us… The Germans found out where the camp of our partisan unit was.
[W]e were saved by the swamps where the punitive forces didn’t go.
For days, for weeks, we stood up to our necks in water.

The Dogs:

Someone betrayed us… The Germans found the camp. We were saved by the swamps. For days we stood up to our necks. Mud and water.

War's Unwomanly Face:

The baby was hungry… It had to be nursed… But the mother herself was hungry and had no milk.

The Dogs:

The baby was hungry.
But she was hungry too and had little milk.

War's Unwomanly Face:

The baby cried. The punitive forces were close… With dogs… If the dogs heard it, we’d all be killed. The whole group — thirty of us… You understand?
[W]e can’t raise our eyes. Neither to the mother nor to each other…

The Dogs:

[T]he Germans were close… we could hear the dogs. If the dogs heard it…?
There were thirty of us… No one could look at me… No one… You understand…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG