Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 2 мільёны наведваньняў летась, назва ў гонар бабулі. 10 фактаў пра «ЛОДЭ», які аднаўляе працу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кампанія «ЛОДЭ», чыю дзейнасьць часова прыпыніла Міністэрства аховы здароўя 16 траўня, зноў адкрыецца. Ад 16 чэрвеня адноўленая ліцэнзія.

14 чэрвеня ў Міністэрстве аховы здароўя разгледзелі вынікі праверкі «ЛОДЭ», па выніках якіх было прынятае рашэньне, каб кампанія працягнула працу. Раней Мінздароўя прыпыніла дзеяньне ліцэнзій на мэдычную дзейнасьць «ЛОДЭ» з прычыны «парушэньняў выкананьня заканадаўства аб ахове здароўя, аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце, аб ліцэнзаваньні ў гэтых арганізацыях».

«ЛОДЭ» — першы і найбуйнейшы прыватны шматпрофільны мэдычны цэнтар Беларусі, якому сёлета спаўняецца 30 гадоў. Сабралі 10 фактаў пра гэты цэнтар, каб можна было ўявіць маштабы пасьпяховага прыватнага мэдычнага бізнэсу, а таксама таго, што магло быць страчана ў выпадку закрыцьця цэнтру.

1. Гэта сямейны бізнэс

Заснаваў «ЛОДЭ» кардыёляг, кандыдат мэдычных навук Уладзімер Гарбачоў. Ягоны бацька, прафэсар-кардыёляг Уладзімер Гарбачоў, больш за 20 гадоў узначальваў катэдру кардыялёгіі БелМАПА (раней Інстытуту ўдасканаленьня лекараў). Маці, Яўгенія Гарбачова, доўгі час займала пасаду галоўнага пэдыятра Менску, яна ж стварыла пэдыятрычнае аддзяленьне «ЛОДЭ» і была яго першай загадчыцай.

2. Кампанію назвалі ў гонар бабулі заснавальніка

Мэдычны цэнтар і кампанія, што ім кіруе, названыя ў гонар Ванды Лодэ — бабулі Ўладзімера Гарбачова, заснавальніка і дырэктара цэнтру.

3. «ЛОДЭ» дае працу прыблізна 3000 чалавек

Агулам ва ўсіх філіялах «ЛОДЭ» працуе больш за 1600 лекараў, сярод якіх вядучыя клініцысты, вядомыя кандыдаты і дактары мэдычных навук. Калі да дактароў дадаць і ўсіх іншых работнікаў кампаніі, то гэтую лічбу можна павялічыць амаль удвая. Для большасьці супрацоўнікаў «ЛОДЭ» — асноўнае месца працы, а не сумяшчэньне зь іншай, таму можна сабе ўявіць, колькі людзей сталі б беспрацоўнымі, калі б цэнтар закрыўся.​

4. Прыватны мэнэджмэнт

Пацыенты, якія зьвярталіся ў «ЛОДЭ», адзначалі высокі ўзровень арганізацыі мэдычнага сэрвісу — мінімальнае чаканьне, адсутнасьць чэргаў, ветлівы пэрсанал, зручныя членскія праграмы. Калі цягам апошняга месяца лёс цэнтру быў няпэўны і гаварылі пра магчымы рэйдэрскі захоп, экспэрты ў галіне мэдычнага мэнэджмэнту выказвалі сумнеў, што ў такім выпадку ўдасца знайсьці кагосьці, хто зможа кіраваць захопленым «ЛОДЭ». «Мэнэджараў сваіх няма для таго, каб кіраваць такой складанай машынай зь нізкім маржынальным прыбыткам», — адзначала былая дырэктарка прыватнага мэдцэнтру Лідзія Тарасенка.

5. У хірургічным блёку рабілі да 300 апэрацый у месяц

«ЛОДЭ» прапануе мэдычную дапамогу па 60 кірунках, у цэнтры працуюць вузкія спэцыялісты ўсіх напрамкаў мэдыцыны. У «ЛОДЭ» рабілі ўвесь спэктар высокатэхналягічных хірургічных умяшаньняў у афтальмалёгіі, розныя віды апэрацый у стаматалёгіі, отарыналярынгалёгіі, гінэкалёгіі, артапэдыі, практалёгіі, флебалёгіі, плястычнай хірургіі. Апошнім часам за месяц у хірургічным блёку «ЛОДЭ» на Прытыцкага ў Менску рабілі каля 300 розных апэрацый за месяц. У тым ліку выкарыстоўваючы лазэрную хірургію, якая дае мінімальную рызыку крывацёкаў і ўскладненьняў.

І яшчэ адна лічба — лябараторная служба «ЛОДЭ» рабіла больш за 300 відаў лябараторных дасьледаваньняў, больш за 2,5 тысячы аналізаў штодня.

6. Замарожаныя яйцаклеткі і прыватная радзільня ў пэрспэктыве

З 2014 году ў кампаніі працуе аддзяленьне рэпрадуктыўнага здароўя. Тут, сярод іншага, упершыню ў Беларусі пачалі замарожваць яйцаклеткі (крыёкансэрвацыя). Гэта вельмі папулярная ў сьвеце цяпер працэдура для жанчын, які хочуць адтэрмінаваць нараджэньне дзяцей. Вяліся размовы аб мэтазгоднасьці адкрыцьця першай прыватнай радзільні на базе «ЛОДЭ».

7. Без чаргі на МРТ і КТ

У цэнтрах «ЛОДЭ», як і ў іншых прыватных цэнтрах, ёсьць кабінэты МРТ і КТ, дзе можна на платнай аснове зрабіць дасьледаваньне дастаткова хутка. Гэта быў вялікі кантраст зь дзяржаўнымі ўстановамі аховы здароўя, у якіх чарга на гэтыя дасьледаваньні магла цягнуцца месяцамі, а апараты часта ламаліся. Усе цэнтры «ЛОДЭ» працавалі 7 дзён на тыдзень, без выходных, з раніцы да позьняга вечара, што было вельмі зручна для пацыентаў.

8. Ад невялікага кансультатыўнага цэнтру да сеткі мэдцэнтраў з 9 філіямі

На пачатку 1990-х «ЛОДЭ» пазыцыянаваў сябе як прафэсарскі лячэбна-кансультатыўны цэнтар, у якім можна было атрымаць кансультацыі сьвяцілаў беларускай мэдыцыны. Першы адрас «ЛОДЭ» ў Менску — Макаёнка, 17. У менскай гарадзкой водагразелячэбніцы арандавалі адзін кабінэт з крэслам і сталом. Пазьней «ЛОДЭ» месьціўся ў мэдсанчастцы заводу «Гарызонт» у Менску, потым адкрылася аддзяленьне стаматалёгіі на Батанічнай... Далей адкрыліся філіялы «ЛОДЭ» ў Берасьці і Горадні. З 2021 году ў «Лодэ» сталі даступныя онлайн-кансультацыі дактароў.​

9. Пансіянат на Лепельшчыне

У 2002 годзе заснавальнік і дырэктар «ЛОДЭ» Ўладзімер Гарбачоў на радзіме свайго бацькі, у Лепельскім раёне, выкупіў разбураную базу адпачынку на востраве Лепельскага возера. У выніку ў маляўнічым месцы ўзьнік пансіянат «ЛОДЭ», у якім лепельцы атрымлівалі зьніжкі 20 працэнтаў на ўсе паслугі.

10. 1 мільён 636 тысяч 81 наведваньне ў 2020 годзе

Каб разумець маштаб мэдычнай дапамогі, якую аказвае кампанія «ЛОДЭ», дастаткова прывесьці некалькі лічбаў — у 2020 годзе сумарна ў філіях «ЛОДЭ» было зафіксавана 1 мільён 636 тысяч 81 наведваньне, у 2021 годзе — больш за 2 млн. У 2020 годзе, калі лекары шэрагу прыватных цэнтраў былі гатовыя бясплатна аказваць дапамогу пацярпелым падчас пратэстаў, «ЛОДЭ» далучыўся да гэтай ініцыятывы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG