Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для экс-адваката Андрэя Мачалава, які бараніў палітвязьняў, пракурор запрасіў 2 гады «хіміі»


Андрэй Мачалаў
Андрэй Мачалаў

У судзе Ленінскага раёну Менску з 6 чэрвеня разглядаецца крымінальная справа экс-адваката Андрэя Мачалава, які бараніў палітвязьняў. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 380 КК.

Дзяржабвінавачаньне сьцьвярджае, што Мачалаў нібыта падрабіў ордэр на ўдзел у крымінальным працэсе, хоць ведаў, што к гэтаму часу быў выключаны зь Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў.

Заяву ў пракуратуру на Мачалава напісала судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч, якая судзіла падабаронную адваката. У ёй гаварылася, што юрыст прыйшоў у суд з несапраўднымі дакумэнтамі.

13 чэрвеня падчас разгляду справы падсуднага адбыліся спрэчкі бакоў — пракурор запрасіў для Мачалава два гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімію»), піша «Вясна».

Прысуд Андрэю Мачалаву агучыць судзьдзя Тацяна Шоцік 16 чэрвеня.

Адвакат Мачалава Віталь Брагінец з 25 траўня знаходзіцца пад арыштам, таму на ніводны працэс свайго падабароннага ён ня трапіў.

У чэрвені 2021 году Мачалава пазбавілі ліцэнзіі. Ён абараняў палітзьняволеную журналістку Кацярыну Барысевіч і шматдзетную маці Вольгу Залатар.

Міністэрства юстыцыі 14 ліпеня 2021 году разгледзела матэрыялы аб пазбаўленьні ліцэнзіяў адвакатаў Кацярыны Жаўтаногі, Валерыя Зьвягінцава і Андрэя Мачалава (апошняму пра тое, што яго пазбавілі ліцэнзіі, заявілі на судзе яшчэ ў чэрвені).

Згодна з заявай Міністэрства юстыцыі, Мачалава і Зьвягінцава выключылі з калегіі «за правіны, несумяшчальныя са званьнем адваката».

Андрэю Мачалаву пра пазбаўленьне ліцэнзіі паведамілі 18 чэрвеня на судзе, калі ён абараняў Вольгу Сінілёву, якая выселіла пракурорку Касьянчык: судзьдзя абвясьціла, што яго пазбавілі ліцэнзіі яшчэ 30 траўня.

За гэты выпадак яго цяпер і судзяць: нібыта ён трапіў на суд, скарыстаўшыся скасаванай ліцэнзіяй адваката.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG