Тэлеграм-канал By_culture паведаміў, аб тым, што ў школьныя бібліятэкі прыйшоў сьпіс аўтараў, кнігі якіх трэба прыбраць з карыстаньня. Большасьць літаратараў — сябры зьліквідаванага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
Сярод іх Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Арлоў, Валянцін Акудовіч, Альгерд Бахарэвіч, Анатоль Вярцінскі, Адам Глобус, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Дубавец, Сяргей Законьнікаў, Віктар Марціновіч, Уладзімер Някляеў, Алесь Разанаў.
У Мінадукацыі адмаўляюць, што са школ прыбяруць кнігі некаторых беларускіх пісьменьнікаў і пісьменьніц.
«Не пацьвярджаю гэтыя чуткі», – сказала выданьню «Медыязона. Беларусь» прэс-сакратарка міністэрства Людміла Высоцкая.
Свабодзе такама не ўдалося пацьвердзіць праўдзівасьць гэтай інфармацыі. Калі вы ведаеце падрабязнасьці, напішыце нам у Telegram ці ў Signal (нумар +380502605369).
Вярхоўны суд летась зьліквідаваў Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Арганізацыя літаратараў існуе з 1934 году. Рашэньне аб ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў агучылі 1 кастрычніка ў Вярхоўным судзе.