На паседжаньні ў панядзелак камісія прадставіла відэазапісы паказаньняў людзей з атачэньня прэзыдэнта Трампа, якія мелі дачыненьне да працэсу падліку галасоў. Зь іх заяваў вынікае, што насуперак іх парадам у ноч выбараў задоўга да завяршэньня падліку галасоў Дональд Трамп публічна заявіў аб тым, што ён атрымаў перамогу, а затым працягваў настойваць на сваім нягледзячы на адсутнасьць доказаў, якія пацьвярджалі б фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня.
«Я падумаў, калі ён (прэзыдэнт Трамп) сапраўды верыць у тое, што ён кажа, то ён адарваны ад рэальнасьці, — заявіў камісіі міністар юстыцыі ва ўрадзе Трампа Уільям Бар. — Мая думка застаецца ранейшай: прэзыдэнцкія выбары не былі аб’ектам фальсыфікацый». Па словах Бара, Дональд Трамп не праяўляў ніякай цікавасьці да рэальных фактаў. Бар, у якасьці кіраўніка міністэрства юстыцыі расьсьледаваў некалькі сыгналаў аб патэнцыйных парушэньнях пры падліку галасоў, якія не пацьвердзіліся. «Я сказаў прэзыдэнту, што гэта поўнае глупства», — настойвае Бар.
Кіраўнік выбарчага штаба Дональда Трампа Біл Стэпіен расказаў камісіі, што спрабаваў пераканаць прэзыдэнта Трампа пачакаць з заявай аб сваёй перамозе на выбарах, паколькі падставаў для такой заявы ў ноч выбараў не было, аднак прэзыдэнт рушыў усьлед парадзе свайго асабістага адваката Рудольфа Джуліяні, які настойваў на неабходнасьці неадкладнага абвяшчэньня перамогі. Па словах людзей з атачэньня прэзыдэнта, якія знаходзіліся ў Белым доме ў той час, Джуліяні быў адзіным, хто заклікаў Трампа заявіць аб сваёй перамозе. Пры гэтым найбліжэйшы дарадца Дональда Трампа Джэйсан Мілер кажа, што Джуліяні быў пʼяны ў ноч прэзыдэнцкіх выбараў.
Мэта сяброў камісіі, пра якую яны казалі самі, прадэманстраваць, што Дональд Трамп сьвядома хлусіў амэрыканцам, сьцьвярджаючы што выбары былі ў яго «скрадзеныя».
Праз некалькі гадзін пасьля заканчэньня слуханьняў Дональд Трамп абнародаваў заяву, у якой ён паўтарыў многія са сваіх абвінавачаньняў адносна фальсыфікацый, дапушчаных пры галасаваньні і падліку галасоў. «Дэмакраты ствараюць свой наратыў аб падзеях 6 студзеня для таго, каб адцягнуць ад больш важнага факту, які заключаецца ў тым, што выбары 2020 года былі сфальсыфікаваныя і скрадзеныя», — гаворыцца ў заяве былога прэзыдэнта.
Камісія плянуе правесьці яшчэ некалькі публічных паседжаньняў, прадстаўляючы вынікі свайго расьсьледаваньня.