Галоўнае на гэты момант
- Расейцы ствараюць умовы для наступленьня на Славянск, паведамляе Генштаб Украіны.
- Украіна вярнула целы яшчэ 64 абаронцаў «Азоўсталі»
- На тэрыторыі Беларусі перамяшчаюць расейскую тэхніку да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі Ўкраіны.
- Расейцы абстралялі ракетамі горад Прылукі Чарнігаўскай вобласьці.
- Працягваюцца жорсткія баі ў Севераданецку. Расейцы спрабуюць замацавацца ў цэнтры гораду.
- Генштаб Украіны паведаміў аб прасоўваньні расейскіх войскаў да Бахмута, за некалькі кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад гораду.
- 4,5 мільёна ўкраінцаў вярнуліся ва Ўкраіну пасьля выезду на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю.
- Дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны заявіў, што страты ўкраінскіх вайскоўцаў цяпер складаюць ад 100 да 200 чалавек штодзень.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 14 чэрвеня
Украіна вярнула целы яшчэ 64 абаронцаў «Азоўсталі»
У Запароскай вобласьці Ўкраіны прайшла апэрацыя па абмене целамі загінулых вайскоўцаў. Украіна вярнула целы 64 абаронцаў заводу «Азоўсталь». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства па пытаньнях рэінтэграцыі Ўкраіны.
У міністэрстве ўдакладнілі, што працэс вяртаньня на радзіму целаў загінулых працягваецца, ён праходзіць у адпаведнасьці з нормамі Жэнэўскай канвэнцыі.
Працягваюцца жорсткія баі ў Севераданецку. Расейцы спрабуюць замацавацца ў цэнтры гораду.
Паводле Генштаба Ўкраіны, расейцы спрабуюць замацавацца ў цэнтры Севераданецку. Аднак, па словах кіраўніка Луганскай вобласьці Сяргея Гайдая, частка гораду застаецца пад украінскім кантролем. Ён адзначыў, што ўсе масты, якія вядуць у абласны цэнтар, разбураныя. Па словах Гайдая, расейцы пацэлілі ў аб’екты «Азоту» і «Шклопластыка».
«Артылерыяй супернік руйнуе дашчэнту шматпавярховікі і абʼекты прамысловасьці, — паведаміў Сяргей Гайдай. — Эвакуацыя і падвоз гуманітарных грузаў немагчымыя. Мірныя жыхары, якія засталіся ў горадзе, выжываюць у вельмі цяжкіх умовах».
Расейцы ствараюць умовы для наступу на Славянск
Генштаб Украіны паведамляе, што расейскія сілы засяродзіліся на тым, каб усталяваць кантроль над Багародзічным (сяло ў Славянскім раёне Данецкай вобласьці) і стварыць умовы для наступу на Славянск.
Прадстаўнікі «ДНР» заявілі пра сьмерць трох чалавек, у тым ліку дзіцяці, ад абстрэлу рынку ў Данецку
Штаб тэрытарыяльнай абароны самаабвешчанай «ДНР» абвясьціў, што артылерыйскі абстрэл вялі Ўзброеныя сілы Ўкраіны з 155-мілімэтровых артылерыйскіх гарматаў. Кіеў гэтага не камэнтаваў.
Сэпаратысты, якіх падтрымлівае Расея, рэгулярна абвінавачваюць украінскія ўлады ў невыбіральных атаках на цывільныя абʼекты. У траўні Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ заклікала ўсе бакі вайны выконваць міжнароднае гуманітарнае права, якое прама забараняе такія атакі. 13 чэрвеня міжнародная няўрадавая арганізацыя Amnesty International апублікавала справаздачу, у якой у рэгулярных невыбіральных атаках на цывільныя абʼекты абвінавачваецца Расея.
На тэрыторыі Беларусі перамяшчаюць расейскую тэхніку да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі Ўкраіны
На беларускай тэрыторыі з боку Валынскай вобласьці застаецца каля 700 расейскіх вайскоўцаў. Як паведамілі 13 чэрвеня ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом, на беларускай тэрыторыі таксама працягваюць перамяшчаць расейскую вайсковую тэхніку бліжэй да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі.
Да такіх высноў прыйшлі мясцовыя ўлады пасьля таго, як праінспэктавалі больш за 200 кілямэтраў супольнай беларуска-ўкраінскай мяжы ў Валынскай вобласьці.
Кіраўнік Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Юры Пагуляйка паведаміў, што сытуацыя кантралюецца, а патэнцыйна небясьпечныя ўчасткі мяжы ўмацоўваюцца.
Расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па Прылуках Чарнігаўскай вобласьці
Пра напад на горад Прылукі паведамілі ў абласной дзяржадміністрацыі. Старшыня абласной адміністрацыі Вячаслаў Чавус паведаміў аб прылёце трох ракет. Інфармацыя пра разбурэньні і пацярпелых удакладняецца.
На Луганшчыне Расея мае перавагу ў артылерыі, але ўкраінскія войскі не адступаюць
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што Расея працягвае штурмаваць Севераданецк і канцэнтравацца на поўдні Луганскай вобласьці.
«На севераданецкім кірунку вораг пры падтрымцы артылерыі вёў штурмавыя дзеяньні ў Севераданецку, меў частковы посьпех, адцясьніў нашыя падразьдзяленьні з цэнтру гораду, баявыя дзеяньні працягваюцца», — паведаміў сьпікер Генэральнага штабу Ўкраіны Аляксандар Штупун.
Паводле яго, расейскія войскі канцэнтруюць свае дзеяньні для наступу, каб узяць у аблогу ўкраінскія войскі, якія абараняюць Севераданецк і Лісічанск, і заблякаваць украінцам лягістычныя шляхі забесьпячэньня з гораду Бахмут.
Расейцы рыхтуюцца да пераправы церазь Северскі Данец
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі лічаць, што найбольш вызначальным чыньнікам ваеннай апэрацыі на поўначы Луганскай вобласьці стане пераправа цераз раку Северскі Данец.
«Для дасягненьня посьпеху на цяперашнім апэратыўным этапе наступу на Данбасе Расеі давядзецца праводзіць амбітныя флянгавыя дзеяньні або штурмаваць і фарсаваць рэчкі», — адзначаецца ў паведамленьні брытанскай выведкі.
У брытанскай выведцы дадалі, што раней украінскія войскі зьнішчалі масты, а расейскія падразьдзяленьні спрабавалі ажыцьцявіць пераправы праз рэкі пад абстрэлам.
Ва Ўкраіне ад пачатку агрэсіі Расеі з 24 лютага пацярпелі 815 дзяцей, зь іх 288 — загінулі
У Офісе Генэральнага пракурора Ўкраіны заявілі, што ў выніку поўнамаштабнай вайны Расеі ва Ўкраіне пацярпелі 815 дзяцей — 288 зь іх загінулі і 527 атрымалі раненьні.
«Гэтыя лічбы не канчатковыя, бо працягваецца праца па іх вызначэньні ў месцах вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях», — адзначылі ў Офісе генпракурора.
Найбольш дзяцей пацярпелі ў Данецкай, Харкаўскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Луганскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Запароскай і Сумскай абласьцях.
«У выніку расейскага абстрэлу Лісічанску загінула 6-гадовае дзіця», — кіраўнік Луганскай вобласьці
«Лісічанск рашысты магутна абстрэльваюць, сёньня ад варожага агню загінула шасьцігадовае дзіця», — напісаў кіраўнік Луганскай вобласьці Сяргей Гайдай у тэлеграме.
Па дадзеных Гайдая, на тэрыторыі заводу «Азот» у Севераданецку застаюцца каля 500 мірных жыхароў, зь іх 40 — гэта дзеці, часам вайскоўцам удаецца эвакуаваць кагосьці. Але арганізаванай эвакуацыі зь Севераданецку няма.
Выбухі на Цярнопальшчыне
У выніку выбухаў у Чарткоўскім раёне Цярнопальскай вобласьці ёсьць пацярпелыя, у тым ліку дзеці. Пра гэта паведаміў кіраўнік Цярнопальскай абласной вайсковай адміністрацыі Ўладзімір Труш.
«Пра сытуацыю на Чарткоўшчыне. Ахвяр, на шчасьце, няма. Усю ноч мы аказвалі дапамогу пацярпелым, у тым ліку дзецям».
Труш адзначыў, што вядуцца працы па ліквідацыі разбурэньняў і фіксацыі пашкоджанай маёмасьці мірных жыхароў. Пазьней улады паведамілі, што ў выніку чатырох удараў параненыя 20 чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
Расавіяцыя працягнула забарону палётаў на поўдні і ў цэнтральнай частцы Расеі да 18 чэрвеня
Як паведамляе РБК, абмежаваньні закранаюць Анапу, Белгарад, Бранск, Варонеж, Геленджык, Краснадар, Курск, Ліпецк, Растоў-на-Доне, Сімферопаль і Элісту.
Пуцін падпісаў указ аб выплаце 5 мільёнаў рублёў семʼям забітых ва Ўкраіне салдат
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ: выплаціць па пяць мільёнаў рублёў семʼям супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі і памежнай службы ФСБ, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне і падчас баёў у Сырыі. Згодна з указам, столькі ж атрымаюць сваякі загінулых ва Ўкраіне і Сырыі расейскіх «добраахвотнікаў».
Апошні раз Расея паведамляла пра свае страты ў вайне з Украінай 25 сакавіка, заявіўшы пра 1351 загінулага і 3825 параненых. Украінскі Генштаб ацэньвае страты Расеі больш як у 31 тысячу салдат.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізаваны ў полк.
Генштаб Украіны: у Беларусі пачалі адпрацоўваць стварэньне ўдарных груповак
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заяўляюць, што беларускія войскі адпрацоўваюць фармаваньне ўдарных падразьдзяленьняў.
«На валынскім і палескім кірунках, згодна з плянам праверкі, да 11 чэрвеня ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь адпрацоўваюцца пытаньні стварэньня ўдарных груповак на адным з кірункаў і праверка гатоўнасьці транспартнай інфраструктуры да перамяшчэньня падразьдзяленьняў», — сказаў сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун.
13 чэрвеня ўпершыню за ўвесь час у ваенных зводках сьпікер Генштабу Ўкраіны ўвогуле не згадаў, што адбываецца на апэратыўных кірунках на мяжы зь Беларусьсю. Раней штодня паведамлялі, што «не назіраюць фармаваньня наступальных груповак, але пагроза ракетных і артылерыйскіх абстрэлаў захоўваецца».
Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету, — Генштаб Украіны
«З тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Генштабу Аляксей Громаў.
Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае
Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.
Як рэагуе сьвет
Чэхія прыме 500 расейцаў і беларусаў, якіх перасьледуюць улады, па праграме МЗС
МЗС Чэхіі апублікавала падрабязнасьці праграмы паскоранай іміграцыі для расейскіх і беларускіх грамадзянаў. Прыём заяваў па праграме пачаўся 20 траўня і працягнецца цэлы год, але квота — усяго 500 чалавек.
Чэхія прыпыніла выдачу візаў расейцам і беларусам 24 лютага, адразу пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны.
Сусьветны банк зацьвердзіў выдзяленьне Ўкраіне 1,49 мільярда даляраў
Сусьветны банк ухваліў 1,49 млрд даляраў фінансавай дапамогі Ўкраіне, так што агульны заплянаваны пакет падтрымкі ўкраінскай эканоміцы перавысіў 4 млрд даляраў, паведамляе Reuters.
Грошы патрацяць на заробкі дзяржаўным і сацыяльным работнікам. Гэтыя сродкі ўключаюць у сябе крэдытныя гарантыі Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў, Літвы, Латвіі і шэрагу іншых краін. Праект таксама падтрымліваецца паралельным фінансаваньнем з Італіі і ўнёскамі з новага шматдонарскага траставага фонду.
Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі за напад на Ўкраіну
Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.
У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.