Пра візыт загадзя афіцыйна не аб’яўлялі.
Фон дэр Ляен сустрэлася з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і абмеркавала заяўку на ўступленьне Ўкраіны ў Эўрапейскі Зьвяз, а таксама спосабы аднаўленьня краіны пасьля ваенных дзеяньняў.
«Эўрапейскі праект дакладна ня можа быць завершаны без Украіны, і гэта зусім відавочна менавіта цяпер, калі ўкраінскі народ абараняе будучыню для сябе і для ўсіх народаў і захаду, і ўсходу, і поўначы, і поўдня Эўропы. Дзякую прэзыдэнту Эўрапейскай камісіі Уршулі фон дэр Ляен за зьмястоўныя перамовы. Ваша лідэрства, ваша ўвага вельмі каштоўная для нас. Веру, што хуткім часам будзем мець зносіны з вамі на новым узроўні нашых адносін — Украіны і ЭЗ», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
На прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы Уршуля фон дэр Ляен паведаміла Зяленскаму, што рашэньне Эўракамісіі па заяўцы Ўкраіны на сяброўства ў ЭЗ будзе гатова ўжо да канца наступнага тыдня.
«Эўракамісія рыхтуе нашыя рэкамэндацыі для дзяржаў-сябраў ЕЗ. Мае сёньняшнія абмеркаваньні зь Зелянскім і Шмыгалем (прэм’ер-міністар Украіны — рэд.) дазволяць нам завяршыць нашу ацэнку. Шлях вядомы. Я шаную намаганьні і рашучасьць Украіны ў гэтым працэсе», — заявіла кіраўніца Эўракамісіі.
Чакаецца, што 17 чэрвеня камісія парэкамэндуе чальцам ЭЗ надаць Украіне статус кандыдата на ўступленьне ў блёк, але пры ўмове, што краіна будзе выконваць вяршэнства права і больш актыўна змагацца з карупцыяй, паведамляюць крыніцы Bloomberg.
Рашэньне павінна быць падтрымана ўсімі 27 дзяржавамі-сябрамі ЭЗ. Пры станоўчым адказе Украіне трэба правесьці шэраг рэформаў, каб адпавядаць усім правілам і стандартам Эўрапейскага Зьвязу. Гэты працэс можа заняць больш за дзесяць гадоў.