Падчас сустрэчы Сьвятлана Ціханоўская зьвярнула ўвагу міністра Епэ Кофада на тое, што Данія пару тыдняў таму спыніла выдачу візаў для беларусаў, і папрасіла аднавіць яе. Міністар запэўніў, што візы працягнуць выдаваць — зараз шукаюць магчымасьці аднаўленьня выдачы візаў у Менску, а пакуль беларусы могуць зьвяртацца па візы ў іншых краінах.
На старонцы дацкага МЗС зьявілася інфармацыя, што беларусы ўжо цяпер могуць атрымаць дацкія візы ў дацкіх консульствах іншых краінаў, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Таксама на сустрэчы зь міністрам замежных спраў Даніі Ціханоўская распавяла пра перасьлед прафсаюзных лідараў і спробы ўладаў закрыць усе прафсаюзы.
Абмеркавалі і сёмы пакет санкцыяў Эўразьвязу, куды Ціханоўская прапанавала ўключыць дэпутатаў лукашэнкаўскага парлямэнту — тых, што галасавалі за рэпрэсіўныя законы, у тым ліку за сьмяротнае пакараньне. Міністар запэўніў Ціханоўскую, што Данія не падтрымлівае ідэю зьняцьця санкцыяў з рэжыму Лукашэнкі ўзамен на транзыт зерня з Украіны.
Епэ Кофад сказаў, што Данія працягне падтрымліваць беларускія культурныя ініцыятывы ў межах дацкага Новага фонду дэмакратыі і фінансаваць Міжнародную плятформу па прыцягненьні вінаватых да адказнасьці. Плятформа ўжо сабрала 13 000 доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, і плянуе сабраць да 20 000 дакумэнтаў да канца году. Гэтыя дакумэнты павінны дапамагчы міжнародным судам і судам у свабоднай Беларусі пакараць вінаватых.