Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: журналістаў «Нашай нівы» Марціновіча і Скурко перавялі ў калёніі, справу Івашына перадалі ў суд


Зьняволеныя журналісты «Нашай нівы» Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко
Зьняволеныя журналісты «Нашай нівы» Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1235 чалавек. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

Журналістаў Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко, асуджаных на 2,5 года зьняволеньня, перавялі ў калёніі, паведамляе «Наша ніва».

Пісаць ім лісты цяпер можна на наступныя адрасы:

Марціновіч Ягор Аляксандравіч

вул. Сікорскага, 1а
213800, Бабруйск, Магілёўская вобласьць.
Папраўчая калёнія № 2

Скурко Андрэй Генадзевіч

Слаўгарадзкая шаша, 183
212013, Магілёў, п/а Вейна
Папраўчая калёнія № 15

Крымінальную справу супраць Марціновіча і Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу (прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры). Журналістаў судзілі паводле эканамічнага артыкула за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізычных, а не юрыдычных асоб. Вырак ім агучылі 15 сакавіка.

Палітвязьню Мікіту Паляёнку ў віцебскім СІЗА блякуюць ліставаньне

28-гадовага Мікіту Паляёнка затрымалі 16 студзеня ў Віцебску. За кратамі ён ужо амаль пяць месяцаў. Яго абвінавачваюць у абразе прэзыдэнта (арт. 368 КК) і прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК). Родныя палітвязьня паведамляюць, што Мікіту перадаюць лісты толькі ад сваякоў.

Праваабаронцы заклікаюць падтрымаць палітвязьня грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі.

Адрас для падтрымкі: СІЗА-2, 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, Мікіта Юр’евіч Паляёнак.

Адвакату Данілевічу, які ўжо 20 дзён у СІЗА КДБ, адмовілі ў зьмене меры стрыманьня

10 чэрвеня суд Партызанскага раёну Менску разгледзеў скаргу адваката Аляксандра Данілевіча на пастанову аб прымяненьні меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Судзьдзя Натальля Дзядкова скаргу не задаволіла — Аляксандар застаецца ў СІЗА КДБ, піша «Вясна».

Данілевіч — пасьпяховы адвакат, які спэцыялізуецца на прадстаўленьні інтарэсаў кліентаў у міжнародным камэрцыйным арбітражы. У красавіку 2022 году Аляксандра з прычыны грамадзянскай пазыцыі звольнілі з факультэта міжнародных адносін БДУ. Ён працаваў там 20 гадоў.

Аляксандар перастаў выходзіць на сувязь 20 траўня. Пазьней стала вядома, што ён у СІЗА КДБ. Па якім артыкуле затрымалі Данілевіча — невядома.

З Эдуарда Пальчыса плянуюць спагнаць 575 000 рублёў

На пазоў пракуратуры гораду Менску з Эдуарда Пальчыса суд пастанавіў спагнаць звыш 575 тысяч рублёў шкоды, якую палітзьняволены нібыта прычыніў дзяржаўным прадпрыемствам.

Летась 17 сьнежня Эдуарду Пальчысу прысудзілі 13 гадоў калёніі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

арт. 130 (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці, учыненыя групай асоб, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);
арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак);
арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).

Вярхоўны суд пакінуў у сіле 5-гадовы прысуд палітвязьню Паўлу Вінаградаву

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, неўзабаве яго павінны перавесьці са сьледчага ізалятара ў Баранавічах у наваполацкую калёнію № 1.

Вядучага шоў «Гэта ж Вінаград!» на тэлеканале «Белсат» актывіста Паўла Вінаградава ў сакавіку прызналі вінаватым па арт. 130 (узбуджэньне варожасьці), арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 367 (паклёп на прэзыдэнта) Крымінальнага кодэксу і прысудзілі яму 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Паўлу Вінаградаву 34 гады, ён актыўны ўдзельнік дэмакратычнага руху. У 2020–2021 гадах яго неаднаразова затрымлівалі і арыштоўвалі за «незаконныя масавыя мерапрыемствы».

Справу журналіста Дзяніса Івашына перадалі ў суд

Пра гэта ў сацсетках напісала яго жонка Вольга.

Івашын вядомы найперш расьсьледаваньнямі пра ўкраінскіх сілавікоў, якія пасьля Майдану ў 2014 годзе ўцяклі ў Беларусь і ўладкаваліся ў міліцыю.

Затрымалі журналіста летась у сакавіку. Сьпярша падазравалі паводле арт. 365 КК (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў). Потым выставілі абвінавачаньне па артыкуле «Здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG