Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фіктыўны прысуд», — у Вялікай Брытаніі і ЗША пракамэнтавалі сьмяротны вырак у самаабвешчанай «ДНР» брытанскім добраахвотнікам


Эйдэн Асьлін, Шон Пінэр і Саадун Брагім у залі суду, Данецк
Эйдэн Асьлін, Шон Пінэр і Саадун Брагім у залі суду, Данецк

Міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас выступіла з асуджэньнем сьмяротнага прысуду брытанскім добраахвотнікам Шону Пінэру і Эйдэну Асьліну, якія ваявалі на баку Ўкраіны супраць Расеі.

«Я катэгарычна асуджаю прысуд Эйдэну Асьліну і Шону Пінэру, які трымаюць расейскія прыхільнікі на ўсходзе Ўкраіны. Яны зьяўляюцца ваеннапалоннымі. Гэта фіктыўны прысуд, які ня мае абсалютна ніякай легітымнасьці. Мае думкі зь сем’ямі. Мы працягваем рабіць усё магчымае, каб падтрымаць іх», — напісала яна ў Твітэры.

Брытанскі прэмʼер Барыс Джонсан рэтвітнуў паведамленьне кіраўніцы МЗС.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заклікаў Расею і падкантрольныя ёй сілы паважаць міжнароднае гуманітарнае права, уключаючы правы і абарону, прадстаўленыя ваеннапалонным.

«Мы сур’ёзна занепакоеныя паведамленьнямі аб фіктыўным „судзе“ і яго выраках супраць законных камбатантаў, якія служаць ва Ўзброеных сілах Украіны», — напісаў Блінкен у Твітэры.

9 чэрвеня так званы «вярхоўны суд» самаабвешчанай «ДНР» асудзіў грамадзян Вялікай Брытаніі Шона Пінэра і Эйдэна Асьліна і грамадзяніна Марока Саадуна Брагіма на сьмерць. Яны служылі ў 36-й асобнай брыгадзе марской пяхоты Ўзброеных сіл Украіны і былі ўзятыя ў палон у Марыюпалі. Усе трое пераехалі ва Ўкраіну задоўга да пачатку расейскага збройнага ўварваньня і ўжо некалькі гадоў служылі ў марской пяхоце УСУ на кантракце.

У асуджаных добраахвотнікаў ёсьць месяц на абскарджаньне прысуду. Суд у Данецку доўжыўся ўсяго два дні.

Генпракурор Украіны Ірына Венедыктава заявіла, што, паводле Жэнеўскіх канвэнцый, гэтыя замежныя грамадзяне карыстаюцца імунітэтам камбатантаў і як ваеннапалонныя ня могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці за непасрэдны ўдзел у ваенных дзеяньнях, і паведаміла, што Ўкраіна праводзіць дасудовае расьсьледаваньне па вынесеных прысудах.

Раней, у красавіку, расейскі дзяржаўны тэлеканал «Россия-1» паказаў відэазапіс, на якім палонныя Пінэр і Асьлін прызнавалі сваю віну і зьвярталіся да прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Борыса Джонсана з просьбай садзейнічаць абмену іх і іншых ваеннапалонных на ўкраінскага пракрамлёўскага палітыка Віктара Медзьведчука, арыштаванага ў Кіеве.

Сваякі іншаземцаў мяркуюць, што гэтае інтэрвію яны далі пад ціскам. Таксама яны адзначаюць, што іх родныя служылі ў УСУ афіцыйна, на кантракце, і ня могуць лічыцца наймітамі.

Дэпутат брытанскага парлямэнту Робэрт Джэнрык назваў суд над замежнымі вайскоўцамі «абуральным парушэньнем міжнароднага заканадаўства». Паводле яго, ён чакаў у неўзабаве абмену ваеннапалоннымі, але «расейскія ўлады вырашылі зрабіць над імі паказальны працэс, што зусім ганебна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG