Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Купалаўцы» пакажуць спэктакль паводле кнігі Бахарэвіча, прызнанай ў Беларусі экстрэмісцкай


Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» абвясьціла пра новую прэм’еру. Гэта спэктакль «Гусі-Людзі-Лебедзі», пастаўлены паводле аднаго з разьдзелаў раману «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. Гэты раман прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.

Пра гэта паведамляецца на старонцы «Купалаўцаў» у фэйсбуку.

Спэктакль тройчы пакажуць у польскім Любліне.

Уваход вольны. Замест набытага квітка «Купалаўцы» прапануюць падтрымаць дабрачынны збор сродкаў праекту «PAH — Polish Humanitarian Action». Апошні аказвае падтрымку людзям, вымушаным пакінуць свае дамы і якія пераехалі ў Польшчу.

Спэктакль паставіць рэжысэр Аляксандр Гарцуеў. У канцы сьнежня 2021 году яго звольнілі з пасады мастацкага кіраўніка Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі (РТБД). Сярод яго спэктакляў — «Тры Жызэлі», «Раскіданае гняздо», «Любоў людзей», «Карʼера доктара Рауса» і іншыя.

Раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» ў траўні 2022 году папоўніў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які публікуецца на сайце Мінінфарму. Гэта першая мастацкая кніга на беларускай мове, якую ўлады вырашылі забараніць.

Кніга выйшла ў выдавецтве «Логвінаў» у апошнія дні 2017 году, потым была перавыдадзеная ў выдавецтве «Янушкевіч» у 2021-м.

Раней кніга ўжо ставілася ў тэатры. Рэжысёр Мікалай Халезін і драматург Марыя Бяльковіч напісалі інсцэніроўку раману, пасьля чаго Халезін двойчы паставіў аднайменны спэктакль у сваім Свабодным тэатры. Першы раз — вясной 2020 году ў Менску, другі — вясной 2022 году ў Лёндане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG