З самага пачатку нападу Расеі на Ўкраіну ізраільскія ўлады выступаюць вельмі стрымана і абмежавана дапамагаюць Украіне — толькі гуманітарнымі пастаўкамі.
Шанцы на тое, што Ізраіль сапраўды прадасьць Украіне сыстэму «Жалезны купал» і такім чынам адмовіцца ад нэўтралітэту, вельмі невысокія, лічыць былы афіцэр міжнароднага ўпраўленьня паліцыі Ізраіля Сяргей Мігдал.
Прапануем асноўныя тэзісы з інтэрвію, якое ён даў "Настоящему времени".
- «Жалезны купал» — гэта адзін з важных элемэнтаў шматслойнай сыстэмы супрацьракетнай абароны дзяржавы Ізраіль, як бы адзін з самых яе базавых элемэнтаў, які, у прынцыпе, быў створаны для таго, каб вырашыць чыста ізраільскую праблему ў арыгінале. Цяпер гэта ўжо не зусім так, але гэта была чыста ізраільская праблема, а менавіта абстрэлы ракетамі, у першую чаргу з Газы, а часам таксама і сіламі «Ісламскай дзяржавы» зь Сінайскага паўвострава ў бок Ізраіля. Звычайна гэта ракеты альбо кустарныя ракеты «Касам», альбо потым ужо ў іх зьявіліся «Грады» ці іх эквіваленты іранскай вытворчасьці; гэта ракеты, якія могуць лятаць на 40 кілямэтраў, а ёсьць варыяцыі, якія і на 70 кілямэтраў.
- Сыстэма вельмі разумная, яна ўмее перахопліваць ракеты, якія ляцяць толькі ў населены пункт ці ў тое месца, дзе ёсьць жылыя дамы ці прамысловыя будынкі... Апрыёры гэтыя недакладныя ракеты, зь іх 50% ляцяць у пустэчу, у пустыню — іх зьбіваць і ня трэба. І разумны кампутар умее іх адрозьніваць, тут жа засякае іх пры запуску і зьбівае.
- Гэтая сыстэма ўжо была створана рэальна толькі перад 2010 годам, яе выпрабоўвалі. Потым яе рэгулярна паляпшалі. Цяпер у нас ужо чацьвёрты ці пяты варыянт гэтай сыстэмы, якая найлепшая ў сьвеце ў сваім родзе. І, на вялікае зьдзіўленьне таварышаў з ХАМАСу і ісламскага джыхаду, аказалася, што яна, у адрозьненьне ад сваёй першапачатковай вэрсіі, можа зьбіваць, напрыклад, зьнішчаць залп у 100-200 ракет...
- Часам на кожную варожую ракету ляціць па дзьве-тры, каб было больш магчымасьцей іх зьбіць. І, такім чынам, гэта нібыта дорага, кажуць яны, паколькі ракета «Град» каштуе некалькі сотняў ці некалькі тысяч долараў, а такі перахопнік «Тамір» значна даражэйшы, і ўся гэтая сыстэма. Але гэта ня важна, трэба параўноўваць ня з гэтым, а з тым, якую шкоду ў чалавечых жыцьцях і ў разбурэньнях такія вялізныя залпы могуць прынесьці.
- І зараз гэтую сыстэму ўжо жадаюць ва ўсім сьвеце. І першы яе пакупнік афіцыйны — гэта Злучаныя Штаты Амэрыкі, купілі летась дзьве батарэі. Яны ўсталявалі іх на Гуам для абароны сваіх базаў.
- Я разумею, што ва Ўкраіне гэтага вельмі хочуць і што іхная барацьба справядлівая. Вайна Расеі супраць Украіны пачалася ў 2014 годзе — амаль бяскроўная анэксія Крыму і потым крывавая вайна на Данбасе, якую нібыта Расея не вяла, але ўсе разумеюць, хто за гэтым стаіць. І Ізраіль ужо тады выбраў пазыцыю строгага нэўтралітэту, як Швайцарыя. Можна гэты выбар абмяркоўваць, можна пра яго спрачацца, і спрэчкі такія ў Ізраілі ўвесь час ідуць. Ізраіль да гэтага пастаўляў розную тэхніку і супрацоўнічаў у абаронных справах як з Украінай, так і з Расеяй.
- Пасьля 2014 году Ізраіль спыніў супрацоўніцтва з Расеяй па тэме бесьпілётнікаў. Тое, што сёньня ёсьць у Расеі, — гэта расейскія вэрсіі вельмі старых ізраільскіх бесьпілётнікаў, якія ў Ізраілі ўжо не вырабляюць. Рабілі ізраільскія аўтаматычныя вінтоўкі, наколькі я памятаю, па ізраільскай ліцэнзіі. Але праз вайну Ізраіль праводзіць палітыку нэўтралітэту з многіх прычынащ, у якіх можна згадваць і нашы стратэгічныя інтарэсы ў Сырыі, дзе знаходзіцца Расея, дзе мы хочам мець свабоду дзеяньняў супраць Ірану і «Хэзбалы», і клопат пра габрэйскія грамады як ва Ўкраіне, так і ў Расеі, таму мы ня хочам абвастраць адносіны.
- Гэта абумоўлівае шматгадовую палітыку нэўтралітэту, якая выконвалася пры розных урадах і розных прэм’ер-міністрах. Таму мая выснова, што гэта вельмі малаверагодна. Я ведаю, што Ізраіль аказвае сурʼёзную гуманітарную дапамогу Ўкраіне і будзе аказваць яшчэ. Але з пункту гледжаньня ваеннай дапамогі Ізраіль заявіў нэўтралітэт, і я пакуль ня бачу, што ён мяняе гэтую пазыцыю.