Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эвалюцыя Макса Каржа: ад рэпу па-беларуску да посьпеху ў Расеі і антываеннай пазыцыі. Што далей?


Макс Корж, Расея, 2015 год
Макс Корж, Расея, 2015 год

Гучныя дыскусіі ў сацыяльных сетках выклікала апошняя песьня беларускага выканаўцы Макса Каржа «Свой дом», прысьвечаная вайне ва Ўкраіне. Каржа папракалі, што ён маўчаў сто дзён, што ягоную кампазыцыю можна трактаваць у два бакі, што пры гэтым ён не адмяняе туру па Расеі.

Корж сьпявае наступнае:

Весна рыдает, Украина пылает.
Мир не менялся, мир таков.
Эй, брат, бывай! Где будем, кто знает?
Но прав, кто защищает свой дом.

Расейскія СМІ раскрытыкавалі Каржа пасьля публікацыі гэтага трэку. «Макс Корж выступіць у Расеі пасьля крытыкі спэцапэрацыі», — напісала gazeta.ru.

Іншыя выданьні былі яшчэ больш жорсткімі ў ацэнках. «Вайна не даруе крывадушнасьці. Макс Корж пахаваў сябе для вялікай сцэны», — напісаў politnavigator. «Чым адкажуць жыхары Расіі чарговаму ненавісьніку нашай краіны?» — задаваўся пытаньнем «Царьград».

Пры гэтым украінскія СМІ таксама ўбачылі ў кампазыцыі Каржа відавочную падтрымку Ўкраіны.

«Дадайце ў свой плэйліст: песьня пра вайну, якая давядзе да сьлёз», — так напісала агенцтва УНІАН.

Літаральна праз два дні пасьля выхаду «Свайго дому» Корж напісаў у сацсетках, што адмяняе канцэрты.

«Не магу сьпяваць пра жыцьцё ў кайф, калі штодня гэтыя жыцьці адбіраюцца. Беражыце сябе, усё будзе добра».

Пад адмену трапілі выступы ў Екацярынбургу, Санкт-Пецярбургу і Новасібірску. Таксама не адбудзецца выступ сьпевака ў Рызе. Чакаецца толькі канцэрт у Ташкенце 18 чэрвеня.

Макс Корж
Макс Корж

Макс Корж — 33-гадовы сьпявак з Лунінца. Яшчэ ў 17-гадовым узросьце разам зь сябрамі стварыў беларускамоўны праект Lunclan. У інтэрнэце засталося некалькі трэкаў з тае пары — «Краіна мараў» і «Тата-Лунінец». Цікава, што другі кліп запісваўся на лецішчы праваабаронцы Алеся Бяляцкага ў Ракаве, а рэжысэрам выступіў сын Алеся Адам.

Сонца ўзыдзе і над нашай краінай.
Беларусы зразумеюць, што так жыць немагчыма.
Яны скінуць зь плеч каменьне чужое
Што так доўга насілі пад высокай гарою.

Так на фоне бел-чырвона-белага сьцяга і кадраў з пратэстаў сьпяваў малады Корж. Праўда, гэты пэрыяд творчасьці быў зусім ня доўгім. Пасьля гэтага ў Каржа было яшчэ некалькі музычных праектаў, якія не прыносілі вялікага посьпеху.

Прарыўным для музыкі стаў 2012 год, калі зьявілася кампазыцыя «Небо поможет нам», яна адразу выйшла на першыя пазыцыі ў музычных чартах Расеі. Гэта быў першы вялікі посьпех Каржа, яго намінавалі на прэстыжную расейскую прэмію «МузТВ».

«Я рассылаў свае запісы гуказапісвальным кампаніям. У асноўным ва Ўкраіну, бо ў Маскву нават сунуцца баяўся! І тут нечакана прыйшло запрашэньне аб супрацоўніцтве ад вядомага гіп-гоп-лэйбла. Я доўга думаў і згадзіўся», — так Корж апісваў свой посьпех у Расеі.

Найбольш знакавай песьняй беларуса таго пэрыяду стала «Жить в кайф», якая і па сёньня застаецца адным з найбольш пасьпяховым трэкаў Каржа. Яе сэнс зводзіцца да таго, што шмат ня трэба, каб быць шчасьлівым.

Ведь все, что я хотел — это видеть свет
И, как посчитал бы нужным, жить мечтал.
И вот однажды, как обычно, я летал во сне,
И вдруг, услышав музыку, я сам себе сказал:
Я выбираю жить в кайф!

У кліпе на песьню нічога не выдае, што гэта беларускі музыка. Корж разам зь сябрамі любуюцца відамі Масквы, езьдзяць на аўтамабілі з расейскімі нумарамі, закупляюцца ў расейскім супэрмаркеце. Але з часам Корж ледзьве не ў кожным новым кліпе пачаў пакідаць нешта беларускае.

У «Матыльку» Корж іграе на піяніна «Беларусь», у «Кантрольным» зьяўляецца бел-чырвона-белы сьцяг, у «Слове пацана» сьпявак зь сябрамі ўвогуле размаўляюць між сабой па-беларуску, у «Малый повзрослел» нібыта выпадкова ў кадар трапляе падручнік беларускай мовы, у «Шантажы» зьяўляецца чалавек у байцы «Край дужых», у «Аптымісьце» зафіксаванае менскае начное жыцьцё на Зыбіцкай і Кастрычніцкай. Усё гэта падобна на сьвядома расстаўленыя знакі.

У жніўні 2019 году Корж зьбірае поўны стадыён «Дынама» ў Менску. На канцэрт прыехалі з Украіны, Расеі, Эстоніі, Латвіі, Казахстану, Узбэкістану, Ізраілю. Людзі гадзінамі стаялі ў чарзе, каб трапіць на лепшыя месцы на танцпляцы. Сам Корж выйшаў на той канцэрт у майцы футбольнага клюбу «Лунінец», які даўно не існуе. На тым выступе ён сказаў, што працягвае жыць у менскай Грушаўцы.

«На Захадзе няма душы, на Ўсходзе няма парадку», — так ён тлумачыў свой выбар.

На канцэрце Макса Каржа ў Менску
На канцэрце Макса Каржа ў Менску

Апошнія гады Корж прынцыпова не дае інтэрвію. Да яго зьвяртаўся з просьбай і галоўны інтэрвіюер Расеі Юрый Дудзь, але заўжды сутыкаўся з адмовамі.

За дзень да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Макс Корж выкладае песьню «Цяпло», якую многія ацанілі адназначна.

Есть земля, где который год
Люди так ждут хороших погод.
Тучами покрыто небес полотно.
Было по-другому там, было давно.
Старый мудрец солнце забрал,
Кабы проблем никто не знал.
Чтобы порядок был, но — перебор,
Люди кричат с тех пор:
«Отдай тепло (тепло)!».
Отдай им тепло (тепло).

Шмат шуму нарабіў допіс Макса Каржа 11 жніўня 2020 году, калі ён заклікаў спыніць пратэст.

«Пацаны, на сёньня вы перамаглі. Тармазіце. Вы паказалі, што можаце даць адпор. Навялі шуму на ўвесь сьвет. Відосаў хопіць на месяц наперад», — напісаў Корж.

Празь нейкі час Корж удакладніў, што меў на ўвазе толькі менавіта дзень 11 жніўня, а ня ўвогуле. А слова «відосаў» замяніў на «жорсткіх відэаматэрыялаў». У камэнты да Каржа прыйшоў расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны:

«Пра „відосаў на месяц наперад“ вельмі нядобра напісана. Такое ўражаньне, што людзі забаўляюцца і тыктокі запісваюць. А гэта ж кадры, як бяззбройных людзей б’юць дубінкамі і расстрэльваюць гумавымі кулямі толькі за тое, што яны патрабуюць сумленнага падліку галасоў».

15 жніўня 2020 году Макса Каржа бачылі ля Акрэсьціна. Потым ён прыехаў на Пушкінскую, дзе адбывалася разьвітаньне з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім.

У кліпе «Яе віной», які выйшаў у лістападзе 2020 году, Корж адлюстраваў тагачасны Менск з спэцтэхнікай, АМАПам, мноствам бел-чырвона-белых сьцягоў, якія людзі вывешвалі з бальконаў сваіх кватэр.

Партал Tut.by пісаў, што 13 сьнежня падчас аднаго з дваровых маршаў сілавікі нават ненадоўга затрымлівалі Каржа, які стаяў на вуліцы разам зь сябрамі. Але неўзабаве пасьля таго, як праверылі тэлефон, яго адпусьцілі.

У навагоднім віншаваньні з 2021 годам Корж адзначыў, што ў беларусаў зьявілася агульная мара — «зрабіць сваю краіну лепшай, чым яна ёсьць». Праўда, пасьля гэтага сьпявак перастаў выказвацца на грамадзкія тэмы аж да моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Ужо 24 лютага Корж выказаў сваё стаўленьне да вайны:

«Асуджаю ўварваньне і бамбаваньне сувэрэннай дзяржавы. Гэта вайна, якая зьменіць жыцьцё кожнага назаўсёды, няважна, дзе ты жывеш. Усё тое звыклае, што мы ўжо перасталі цаніць, стане для нас толькі ўспамінам. Таму ніколі ня позна, калі мільёны ня хочуць вайны. Мір Украіне», — напісаў сьпявак у сацыяльных сетках.

Многія карыстальнікі сацыяльных сетак цяпер задаюцца пытаньнем, ці адважыцца Макс Корж на хвалі апошніх падзей зноў вярнуцца ў творчасьці да беларускай мовы. Сам сьпявак па-ранейшаму нічога не камэнтуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG