Інцыдэнт адбыўся на ажыўленай вуліцы Ранкештрасэ ў раёне Шарлётэнбург на захадзе Бэрліна, аўтамабіль заехаў у вітрыну крамы. Па розных зьвестках, пацярпелі ад 8 да 30 чалавек, некаторыя атрымалі цяжкія траўмы.
Паліцыя Бэрліна не выключыла наўмыснага наезду на людзей у Бэрліне, абставіны вывучаюцца, вынікае з заявы паліцыі, разьмешчанай у Twitter.
Прадстаўнік паліцыі паведаміў RBB, што кіроўцу, які накіраваў аўтамабіль у натоўп людзей, затрымалі. Гэтую інфармацыю пацьвярджае Reuters. Да гэтага часу незразумела, наўмысна ці выпадкова ён наехаў на людзей.
На месцы дзяжурыць пажарная каманда з 60 чалавек.
На гэтай жа вуліцы ў канцы 2016 года адбыўся тэракт — грузавік з польскімі рэгістрацыйнымі нумарамі ўехаў у натоўп на калядным кірмашы. Ахвярамі сталі мінімум 12 чалавек, яшчэ каля 50 атрымалі раненьні.