Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея перадала Ўкраіне 210 загінулых абаронцаў Марыюпалю


Мэталюргічны камбінат «Азоўсталь» у Марыюпалі, які больш за два месяцы абаранялі ўкраінскія вайскоўцы
Мэталюргічны камбінат «Азоўсталь» у Марыюпалі, які больш за два месяцы абаранялі ўкраінскія вайскоўцы

Украіна атрымала ўжо 210 целаў загінулых вайскоўцаў з Марыюпалю, большасьць зь іх — абаронцы камбіната «Азоўсталь». Пра гэта паведамілі ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

Расейскі бок пакуль не камэнтаваў гэтых паведамленьняў.

У канцы мінулага тыдня Ўкраіна абвясьціла пра абмен з Расеяй целамі загінулых салдатаў. 7 чэрвеня прадстаўнік палка «Азоў» Ганна Галаўко пацьвердзіла, што 2 чэрвеня расейскі і ўкраінскі бакі атрымалі па 160 трупаў на лініі фронту ў Запароскай вобласьці. Як мінімум 52 целы лічацца парэшткамі байцоў палка «Азоў». У Кіеве пачаты працэс ідэнтыфікацыі парэшткаў праз аналіз ДНК.

У сярэдзіне траўня ўкраінскія вайскоўцы, у тым ліку байцы «Азова», якія больш за два месяцы трымалі абарону на заводзе «Азоўсталь» у Марыюпалі, пачалі здавацца.

Учора расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах паведаміла, што больш за тысячу з украінскіх вайскоўцаў, якія здаліся на «Азоўсталі» ў Марыюпалі, перавезьлі ў Расею, дзе зь імі працуюць сьледчыя.

Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма; іншыя СМІ пра гэта нічога не паведамлялі.

Паводле расейскага боку, усяго ў палон здаліся амаль 2,5 тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў. Такую ж лічбу называў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Большасьць зь іх спачатку былі перавезеныя ў папраўчую калёнію на падкантрольнай прарасейскім сэпаратыстам тэрыторыі.

Прэзыдэнт Украіны ня раз заяўляў, што Кіеў робіць усё магчымае для іх вяртаньня дадому. Расейскі бок аб абмене не гаворыць і не выключае судовага працэсу над імі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG