Мы гаворым пра рак, які прыйшоў пасьля 2020-га; пра стрыжань і жаноцкасьць, пра сьмерць, якой яна не баіцца зь дзяцінства; пра самае страшнае ў ейнай сытуацыі; пра страту дома, а таксама пра ўяўнага сябра, які ёй дапамагае.
Страта працы, пагроза забраць дзяцей, зьмена трох краін, анкалёгія
Кацярына — вядоўца на тэлеканале «Белсат», сьпявачка, музыка, майстрыха традыцыйных строяў, мастачка, піша ў сярэднявечным стылі, вучыць польскую мову, плянуе агучваць кнігі. У мінулым — мадэль, вядоўца культурнай праграмы на дзяржаўнай беларускай тэлевізіі. Мае адукацыю гісторыка-рэлігіязнаўцы.
Ёй 36 гадоў. Другі раз замужам, гадуе дваіх дзяцей: Стэфанію (11) і Януша (8). Цяпер жыве ў Беластоку.
У 2020 годзе Кацярына брала ўдзел у пратэстах. Яе выклікалі ў міліцыю. Яна звольнілася зь любімай працы на «Беларусь-3». У жніўні 2021-га сям’я выехала зь Беларусі пасьля пагрозы забраць дзяцей.
«Я бы не хацела ня бачыць, як растуць мае дзеці. Мне здаецца, гэта самы страшны від катаваньняў».
Літва, Украіна, Польшча. За год ейныя дзеці памянялі тры школы з рознай мовай навучаньня.
Восем месяцаў таму ў Кацярыны пачало «падцякаць» з цыцкі, зьявілася псэўдаляктацыя. Аднак было не да таго праз сытуацыю ў краіне. Аднойчы ноччу моцны боль прымусіў жанчыну зразумець — трэба да лекараў. У Беларусі паставіць дыягназ ёй ня здолелі, дый не пасьпелі — трэба было зьяжджаць. Таму да нядаўняга часу яна дакладна ня ведала, наколькі сур’ёзны ейны стан.
«У Беларусі гэта цэлы квэст — дайсьці да мамоляга», — дзеліцца суразмоўца.
У Польшчы абсьледаваньні занялі тры тыдні. Пра дыягназ Кацярына ў той жа дзень шчыра напісала ў Facebook.
«Ты ня маеш права адчуваць свой уласны дробны асабісты боль»
— Ці доўга вы вагаліся перад тым, каб напісаць гэты пост?
— Я з шэрагу тых людзей, якім становіцца лягчэй, калі яны выгаворваюцца, каму «на людзях і плакаць лягчэй». Мне было значна цяжэй, пакуль я не магла нікому нічога сказаць, калі не да канца было вядома: яно ці не яно. Некалькі тыдняў было вельмі блага. Калі напісала пост, стала лягчэй.
Мае блізкія баяліся, што калі я зраблю розгалас, то нехта парадуецца. Але нэгатыўных камэнтароў было толькі два, і яны, відавочна, ад ботаў.
— Ці шмат вас людзей падтрымалі?
— Так, гэта тысячы і тысячы паведамленьняў. Гэта як мэга-супэр-пупэр дзень народзінаў.
— Як вы перажывалі гэты незразумелы стан цягам году?
— Мы ўсе жылі абсалютна ў неадэкватным стане, калі здавалася, што вакол толькі цемра, страх, боль. Ты ня маеш права быць слабой, ня маеш права адчуваць свой уласны дробны асабісты боль. Ты мусіш не здавацца, падаваць прыклад, быць моцнай. Як мне сказала лекарка, гэта арганізм пачаў сам сябе есьці. У маёй сям’і ніхто не хварэў на анкалёгію. Гэта зьявілася на фоне падзей у Беларусі.
Я была засмучаная тым, што мне напісалі дзясяткі жанчын, якія перажываюць падобнае пасьля 2020 году. Наколькі моцна мы не даём выхаду эмоцыям, унутранаму болю і скіроўваем яго на аўтадэструкцыю.
«Мы за апошні год перажылі тое, што людзі перажываюць за жыцьцё. Усім беларусам патрэбен доўгі адпачынак»
— Ці вінаваціце вы кагосьці ў сваёй хваробе?
— Я вельмі моцна перажываю. Кожны новы палітвязень — гэта вялікі боль. Цяжка вытрымаць усё, што на нас навалілася.
Калі б не прыйшлося бегаць ад АМАПу на маршах, чакаць званка ў дзьверы штодня, атрымліваць пратаколы, выслухоўваць пагрозы па тэлефоне, што дзяцей накіруюць у прытулак, а мяне ў турму; калі б не прыйшлося страчваць любімую працу, перажываць уцёкі, кідаць разам зь дзецьмі ўсё сваё жыцьцё, а потым мяняць адну краіну, другую краіну, трэцюю, пераходзіць пешкі мяжу зь дзецьмі бязь візаў, хавацца ў бамбасховішчах...
Мы за апошні год перажылі тое, што людзі перажываюць за жыцьцё. Усім беларусам патрэбен доўгі адпачынак. На ўзьбярэжжы закапаць ногі ў пясочак і пальцамі ног перабіраць. Але спакой нам толькі сьніцца.
— Што вам перашкаджае сядзець, зарыўшы ногі ў пясочак?
— Няма часу. У мяне адна праца, другая праца, абавязкі. Я вельмі шмат хачу пасьпець. А пятай ранку ў маёй галаве пачынаюць працаваць шасьцярэнькі.
— У вас няма адчуваньня, што вы зашмат на сябе бераце?
— Можа быць.
— А жаданьне шмат зрабіць было заўжды ці зьявілася цяпер?
— Гэта зьявілася падчас першага дэкрэту. Я працавала тады на дзьвюх працах, карміла па два гады кожнае сваё дзіця. Звычка, што ты мусіш усё пасьпець, выпрацавалася тады.
«Сябар мне тады сказаў: „Каця, як ты мяне дастала! Ты супэржанчына!“»
— Ці задумаліся вы цяпер рэальна пра сьмерць?
— Пра сьмерць я задумваюся даволі часта зь дзяцінства. Калі памёр мой тата, мне было 4 гады. Пасьля здарылася шмат сьмерцяў у маёй сям’і. Канечнасьць жыцьця я разумею даўно. Хлопцы з майго гурту пыталіся: «Каця, а ў цябе ёсьць песьні не пра сьмерць?»
Я сьмерць успрымаю як частку жыцьця. Яна мяне ня страшыць, але гэта сумны факт, яго цяжка прыняць. Зараз для мяне самая страшная думка: што будзе з маімі дзецьмі, калі са мной нешта здарыцца?
— Калі вы пачулі свой дыягназ, што вы адчулі?
— Я была гатовая да яго маральна. Доктарка паведаміла дыягназ і выйшла з кабінэту, дала мне хвілінку з гэтым пабыць. Потым прыйшла другая доктарка і павяла мяне на абсьледаваньне. Прыйшла дадому, а там дзеці, зь імі трэба ўрокі рабіць. У мяне не было часу адрэфлексаваць.
— Вы плачаце?
— Прыкладна раз на дзень мяне прабівае, я пасяджу паплачу, а потым іду па справах.
— Вы робіце ўражаньне вельмі моцнай жанчыны.
— Я люблю паплакаць, пашкадаваць сябе, але мяне выратоўвае, што ў мяне вельмі мала часу на гэта. Калі вайна пачалася, нам трэба было тэрмінова нешта вырашаць (тады Кацярына была ў Кіеве. — РС). І ты сьвядома не даеш сабе шанцу задумацца: ах, якая я няшчасная. Ты думаеш, як вывезьці дзяцей. Сябар мне тады сказаў: «Каця, як ты мяне дастала! Ты супэржанчына!»
— З другога боку, вы выглядаеце вельмі жаноцкай. Як у вас спалучаецца і сталёвы стрыжань, і вытанчанасьць?
— Я і такая, і такая. Калі бы мне дазволілі, я бы хадзіла ў карункавых сукеначках і вышывала кашулечкі. Мне цікава столькі ўсяго! Я магу ў праграме «Хай так» запісваць трэшовыя навіны і рагатаць над Рагозіным і Шайгу, прыйсьці дадому, уключыць лайтовы фольк 1960-х і сядзець пад яго вышываць або сярэднявечныя літаркі пісаць і знаходзіць у гэтым велізарнае задавальненьне. Гэта ўсё я.
— Якая вы самая нечаканая?
— Зранку калі прачынаесься і думаеш: «Блін, зараз дзяцей падымаць, сьняданкам іх карміць, у школу іх везьці, апранаць (а зіма, мароз), ганяць іх, каб зубы пачысьцілі». Страшная такая.
«Мае дзеці ніколі не называлі мяне „мамачка“, я мама»
— Як на ваш дыягназ адрэагавалі муж і дзеці?
— Муж падтрымаў. Ягоная маці перажыла падобны дыягназ, ён падышоў цьвяроза. Не было такога: «Уй, ты мая бедненькая, я цябе пашкадую». Я адчула, што ён са мной, сядзеў са мной у чарзе. Ён сказаў, што гэта ўсё трэба прайсьці, што гэта несьмяротна, каб я была гатовая да таго і таго. Я разумею, што будзе ванітаваць і лысая буду хадзіць.
Сыну я не сказала, бо яму 8 гадоў і наўрад ці ён зразумее. Дачка мая ведае. Дзеці ў мяне загартаваныя. Яны перажылі столькі ўсяго: сыход таты, калі сыну было 3 гады, а дачцэ 6, выезд зь Менску, выезд з Украіны. Дачка настроена вельмі аптымістычна і нават не дапускае думкі, што мама чагосьці ня вытрымае. Можа, часьцей стала мяне абдымаць.
Мае дзеці ніколі не называлі мяне «мамачка»; я мама. Любоў у нашай сям’і не выяўляецца «коцікамі», «лапачкамі», «зайчыкамі», у мяне гэта выклікае сьмех.
— А як у вашай сям’і праяўляецца любоў?
— Гэта падтрымка, сумесныя справы, абавязковае ўлічваньне інтарэсаў кожнага. Нягледзячы на мой дзікі распарадак дня, я мушу перад сном пачытаць Яну кніжку. Любоў — гэта калі ты хочаш праводзіць з гэтымі людзьмі ўвесь час, які магчыма.
— Ці ёсьць жанчына, зь якой вы бераце прыклад?
— Ніколі не стварала сабе куміраў. Я вельмі паважаю сваю маму, якая выгадавала мяне і брата адна ў 1990-х, якая ахвяравала сваім жыцьцём дзеля нас. Але я б не хацела паўтараць ейны шлях, класьці сябе на алтар служэньня сваім дзецям. У мяне вельмі сьветлы вобраз майго таты, але, магчыма, таму, што я вельмі кепска яго памятаю.
«Калі дасьць мне Бог вярнуцца ў Беларусь, я куплю сабе хату на Нёмане»
— Ці плянавалі вы раней жыцьцё надоўга?
— На гады. У мяне ўсё было расплянавана: калі я купляю машыну, калі адкладаю грошы на домік, калі кветачкі рассаджваю.
Першы раз мае пляны паламаліся, калі я засталася адна зь дзецьмі ў 2017 годзе: муж сышоў ад мяне ў дзень народзінаў сына. Здарылася настолькі нечаканая рэч, пра якую я падумаць не магла. Тады я зразумела, што можна спадзявацца толькі на сябе.
Але 2020 год мне паказаў, што нават такія пляны рабіць ня вельмі стратэгічна. Мы толькі скончылі рамонт, я зрабіла ўсё так, як хацела. Пасьля гэтага я зразумела, што плян можа быць хіба такі: паехаць у IKEA купіць накрыўку або паехаць струны памяняць на гітары.
А потым здарылася вайнушка, і я зразумела, што нават гэтага ня варта плянаваць. Цяпер я думаю жыць, як казала мая бабка: «Трэба жыць, як набяжыць».
— Што самае каштоўнае вы пакінулі дома?
— Лецішча, якое ствараў мой дзед. Адчуваньне дома, нават ня сам дом. Мне не хапае адчуваньня, што я магу будаваць сьвет такім, як я хачу. Мы зараз цягаемся па здымных кватэрах, я не магу нават крэсла замяніць на тое, якое мне падабаецца.
Яшчэ мне вельмі не хапае прыроды. Мы ў Беларусі кожныя выходныя, нягледзячы на надвор’е, сядалі ў машыну і кудысьці ехалі. Мой сын называў гэта: «Глядзець нейкіх разваленых».
Калі дасьць мне Бог вярнуцца ў Беларусь, я куплю сабе хату на Нёмане. Буду кожны дзень на бераг выходзіць і спачатку, пэўна, плакаць, а потым проста глядзець і думаць: «Якое шчасьце!»
Нядаўна я выйшла ў маленькі беластоцкі парк, села вышываць, а ў мяне над галавой засьпяваў салавей. Я расплакалася.
«У нашай рэальнасьць ёсьць адзін велізарны плюс — яна зрабіла нас моцнымі»
— Калі вам асабліва цяжка, што вы самі сабе гаворыце, каб сабрацца?
— У мяне ёсьць уяўны сябар. Я была вельмі хваравітым дзіцем, у школе мяне цкавалі, мне там было дужа цяжка. У 15 гадоў у мяне была спроба самагубства. Вялікую частку дзяцінства я правяла дома адна. Я ўяўляла сябе гераіняй кніжак, прыдумляла дыялёгі.
Цяпер мне гэта таксама вельмі дапамагае. Я магу падумаць: «Каця, калі бы ты была на месцы таго і таго, хто бы цябе атачаў і што бы ты яму сказала?» Тады я думаю: «У мяне яшчэ ўсё нармальна, а ў таго чалавека ўсё было значна горш».
— Падчас гутаркі вы шмат нібыта апраўдваецеся. Чаму?
— Я з гэтым абсалютна згодная. Вы ня першы чалавек, які мне гэта гаворыць. Гэта зьвязана з папярэднім досьведам. Пра дзяцінства я ўжо казала. Вельмі траўматычным было маё першае замужжа, пастаянны падсьвядомы аб’юз з боку мужа, бо мне «больш за ўсіх трэба». Табе цягам сямі гадоў уліваюць у вушы, што ты нічога ня вартая. Ты адчуваеш сябе непаўнавартаснай не таму, што ты нечага ня ўмееш, а таму, што нешта ўмееш. Гэтае адчуваньне застаецца дагэтуль, хоць я спрабую яго вырваць. Магчыма, гэта адна з прычын, чаму мой арганізм пачаў займацца аўтадэструкцыяй.
— У чым, у кім цяпер вашая надзея?
— Я столькі ўсяго перажыла. Я ніколі ня думала, што мы дакоцімся да такой рэальнасьці. У ёй ёсьць адзін велізарны плюс — яна зрабіла нас настолькі моцнымі, што ў нас няма іншага варыянту, акрамя як выжыць і зрабіць так, каб нашае жыцьцё залежала ад нас.
Надзея мая ўва мне. Што тое, што ўжо зроблена, ня зьнікне; у тым, што дзеці мае вырастуць нармальнымі людзьмі.