Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве расказалі, што за дзень да вайны казалі ўкраінскім калегам беларускія міністар абароны і галоўны памежнік


Аляксей Данілаў
Аляксей Данілаў

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў заявіў, што для ўкраінскага кіраўніцтва стала нечаканасьцю тое, што Беларусь дазволіла Расеі скарыстацца сваёй тэрыторыяй для збройнага ўварваньня ва Ўкраіну.

«Сапраўды, мы лічылі, што з тэрыторыі Беларусі ня будзе таго нападу, які, на жаль, адбыўся. Больш за тое, за два дні да вайны наш міністар абароны размаўляў зь міністрам абароны Беларусі, і яны запэўнівалі, што ні ў якім выпадку гэтага ня будзе.

Наш галоўны памежнік за дзень размаўляў з галоўным памежнікам Беларусі. Той сказаў: нават ня думайце сабе, што мы ў гэтым будзем удзельнічаць, што з нашай тэрыторыі нехта пойдзе. Але яны пайшлі ня толькі з таго боку, яны пайшлі па ўсёй мяжы — на Харкаўшчыне, на Сумшчыне, на Чарнігаўшчыне, на луганскім кірунку, з Крыму», — паведаміў Аляксей Данілаў у інтэрвію ўкраінскаму дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву Укрінформ.

Такім чынам Аляксей Данілаў адказаў на пытаньне журналіста, чаму пасьля правядзеньня вайсковых вучэньняў ля мяжы зь Беларусьсю ў сувязі зь міграцыйным крызісам расейскія войскі так хутка прасунуліся ў кірунку ўкраінскай сталіцы 24 лютага.

«Вы бачылі тую колькасьць бранятэхнікі, колькасьць войскаў, якія рушылі на нашу краіну ў першыя дні? А калі ў нас усе гады распрадавалі прадпрыемствы, якія павінны былі забясьпечваць ракетамі і іншай зброяй, то гэтыя пытаньні — у тым ліку да дзяржавы і да ўсяго грамадзтва. Цяпер абвінавачваць памежнікаў ці МУС, ці яшчэ каго-небудзь у тым, што яны прапусьцілі? Мы ўвогуле пра што гаворым? Я хачу, каб мы з вамі разумелі, што гэта вайна, і падрыхтавацца да любой вайны — вельмі складаная задача: ніхто ня ведае, паводле якіх сцэнараў яна пойдзе. Тут шмат залежыць ад мноства фактараў», — дадаў Аляксей Данілаў.

Паводле сакратара РНБА, далейшыя магчымасьці ўтрымліваць абарону на беларускім кірунку таксама залежаць ад вялікай колькасьці фактараў, у тым ліку і ад дзеяньняў украінскай арміі.

«Яшчэ раз падкрэсьліваю, калі 24 лютага ніхто ня верыў, што мы будзем трымаць абарону, мы яе трымалі. Больш за тое, мы вызвалілі ад захопнікаў Кіеўскую, Сумскую і Чарнігаўскую вобласьці», — дадаў ён.

Камэнтуючы рашэньне Аляксандра Лукашэнкі аб стварэньні на поўдні Беларусі новага апэратыўнага камандаваньня, Аляксей Данілаў сказаў, што ўкраінскі бок пільна адсочвае ўсё, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі.

«Мы разумеем, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі, мы сочым за заявамі, якія робіць Лукашэнка, мы ўсьведамляем пагрозу, якая можа існаваць з таго боку. На жаль, апроч гэтага рашэньня, ужо разьмешчаныя расейскія „Іскандэры“, і ўзровень пагрозы з таго боку нам зразумелы», — адзначыў Аляксей Данілаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG