Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO больш не абавязана не разьмяшчаць войскі ва Ўсходняй Эўропе — намесьнік генэральнага сакратара Альянсу


Танкі нямецкага бундэсвэру на вучэньнях у Літве
Танкі нямецкага бундэсвэру на вучэньнях у Літве

NATO пасьля нападу Расеі на Ўкраіну больш не зьвязана абавязаньнем не разгортваць свае сілы ва Ўсходняй Эўропе, заявіў намесьнік генэральнага сакратара Паўночнаатлянтычнага альянсу Мірча Джаанэ.

Пра гэта паведамляе DW.

«Расея брала на сябе абавязаньні не нападаць на суседзяў, што яна зараз робіць, і праводзіць рэгулярныя кансультацыі з NATO, чаго яна ня робіць», — растлумачыў Джаанэ.

Мірча Джаанэ
Мірча Джаанэ

«Сама Масква пазбавіла ўсякага зьместу Асноватворны акт Расея — NATO, напаўшы на Ўкраіну і спыніўшы дыялёг з Альянсам», — канстатаваў намесьнік генэральнага сакратара NATO.

«Цяпер у нас няма ніякіх абмежаваньняў, каб мець трывалую пазыцыю на ўсходнім флянгу. І мы можам забясьпечыць, каб кожная квадратная цаль тэрыторыі NATO была абароненая пятым артыкулам і нашымі саюзьнікамі», — падкрэсьліў ён.

Канчатковае рашэньне могуць прыняць у чэрвені

Падпісаны Расеяй і NATO у 1997 годзе Асноватворны акт вызначаў, што бакі не разглядаюць адзін аднаго ў якасьці праціўнікаў, абавязваюцца паважаць тэрытарыяльную цэласнасьць іншых дзяржаваў і прызнаюць за эўрапейскімі краінамі права выбару шляхоў гарантаваньня ўласнай бясьпекі.

Дакумэнт таксама вызначаў мэханізмы і прынцыпы ўзаемных кансультацый, абмену інфармацыяй адносна ваенных дактрынаў, бюджэтаў і вайсковых стратэгіяў, а таксама правядзеньня сумесных апэрацый і вучэньняў.

У лютым, за некалькі дзён да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, міністры абароны 30 краін-удзельніц NATO далі вайсковаму кіраўніцтву мандат на распрацоўку плянаў умацаваньня ўсходняга флянгу Альянсу.

Генэральны сакратар арганізацыі Енс Столтэнбэрг тады казаў, што гаворка ідзе пра «новыя тактычныя групы ва Ўсходняй і Паўднёва-Ўсходняй Эўропе». Канчатковае рашэньне могуць прыняць на саміце Альянсу ў Мадрыдзе ў канцы чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG