Ён паведаміў, што сустрэчы на гэтым тыдні зь фінскай і швэдзкай дэлегацыямі не прайшлі «як чакалася», адзначыўшы, што не было зроблена ніякіх крокаў для палагоджаньня заклапочанасьці Турэччыны.
«Пакуль Рэджэп Таіп Эрдаган узначальвае Турэцкую Рэспубліку, мы ня можам сказаць „так“ далучэньню да NATO краінаў, якія падтрымліваюць тэрарыстаў», — сказаў Эрдаган журналістам у сваім самалёце пасьля суботняга візыту ў Азэрбайджан.
Турцыя адхіляе намеры Швэцыі і Фінляндыі ўступіць у NATO на той падставе, што яны даюць прытулак людзям, зьвязаным з Працоўнай партыяй Курдыстану і іншымі арганізацыямі, якія Анкара лічыць тэрарыстычнымі. Яшчэ адна прэтэнзія Эрдагана да Стакгольму і Хэльсінкі — тое, што яны спынілі экспарт зброі ў Турэччыну ў 2019 годзе.
«Яны не сумленныя і ня шчырыя. Мы ня можам паўтарыць памылку, дапушчаную ў мінулым адносна краінаў, якія прымаюць і сілкуюць такіх тэрарыстаў у NATO, якая зьяўляецца арганізацыяй бясьпекі», — сказаў ён.
Швэцыя і Фінляндыя заявілі, што асуджаюць тэрарызм і вітаюць каардынацыю з Анкарой.
Для таго, каб гэтыя краіны сталі ўдзельніцамі Альянсу, усе дзейныя чальцы NATO павінны ўхваліць іх заяўкі на ўступ у арганізацыю.